Прышчэпкі ад COVID-19 — дзецям

27 снежня ў Беларусі пачалася прывівачная кампанія дзіцячага насельніцтва супраць інфекцыі COVID-19. Таксама вакцынацыя дзяцей стартавала і ў нашым раёне. За тлумачэннямі па тэме мы звярнуліся да медыкаў Бабруйскай гарадской паліклінікі №2.

— Вакцынацыя дзяцей — першаступенная наша задача на гэтую пару, — адзначыў галоўны ўрач УЗ “БГП №2” Міхаіл Семянюк. — Чаму? Таму што дзеці — наша будучыня. Калі іх не вакцыянаваць, то новы штам “амікрон”, які пагражае і Беларусі, найперш стане пагрозай для маладога пакалення. Гэта паказвае практыка краін, дзе “амікрон” ужо шырока пануе. Мы маем рэкамендацыі вучоных на правядзенне вакцынацыі дзяцей ад 12 да 17 год, і я ўпэўнены, што кампанія ў раёне пройдзе зладжана і арганізавана.

Сёння для вакцынацыі дзяцей прапаноўваецца вакцына “Vero Cell” (зроблена ў КНР) — інактываваная, створаная па класічнай тэхналогіі, як і большасць вакцын Нацыянальнага календару прышчэпак (да прыкладу, суп­раць поліаміеліту, грыпу, дыфтэрыі, коклюшу). Каб зра­біць дзіцяці прышчэпку, патрабуецца пісьмовая згода ад яго баць­коў (законных прадстаўнікоў). Распрацаваны інфармацыйны ліст для азнаямлення бацькоў перад афармленнем згоды.

Па словах намесніка галоўнага ўрача Людмілы Курскай, у паліклініцы і структурных пад­раздзяленнях на сяле (АУАП і УБ) вакцынацыя праводзіцца на бясплатнай аснове. Масава кампанія пачнецца ў студзені, пасля заканчэння зімовых школьных канікул. Рабіць прышчэпкі дзецям будуць не толькі ў медыцынскіх установах, але і непасрэдна ў школах. Дзеля гэтага загадам галоўнага ўрача паліклінікі створаны выязныя прывівачныя брыгады ў складзе двух чалавек: урача-педыятра або ўрача агульнай практыкі і сярэдняга медыцынскага работніка.

Алгарытм дзеянняў падчас вакцынацыі наступны: пры наяў­насці пісьмовай згоды ад бацькоў (законных прадстаўнікоў) праводзіцца медагляд дзіцяці, у выніку якога выключаюцца супрацьпаказанні, а затым робіцца прафілактычная прышчэпка. Пасля вакцынацыі дзіця павінна заставацца пад назіраннем медыцынскага работніка не меней за 30 хвілін.

Нягледзячы на тое, што вакцына добра пераносіцца, урач даводзіць да бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзіцяці інфармацыю пра магчымыя пабочныя рэакцыі, якія не патрабуюць медыцынскага ўмяшальніцтва, і сімптомы пабочных рэакцый, у сувязі з якімі варта звярнуцца да медыкаў. Спосаб увя­дзення вакцыны дзецям такі ж, як і дарослым.

Вакцына для дзяцей “Vero Cell” двухкампанентная. Другая ін’екцыя робіцца праз 21-28 дзён пасля першай.

Увага!
Дзеці, якія перахварэлі на COVID-19 (дакументальна зафіксавана), могуць быць прышчэплены супраць інфекцыі толькі пасля 6 месяцаў ад перанесенай хваробы.

На запытанне, ці не атрымаецца, што дзіця хварэла, але за медыцынскай дапамогай не звярталіся, а значыць, хвароба не зафіксавана, намеснік галоўнага ўрача кажа: “Не. Баць­кі заўжды хвалююцца і пры з’яўленні ў дзяцей тых ці іншых сімптомаў абавязкова звяртаюцца да доктара. Мазкі ж на інфекцыю, пры паказаннях, браліся ва ўсіх”.

Як правіла, у дзяцей, якія заразіліся каронавірусам, захворванне працякае ў лёгкай ці сярэднецяжкай форме. Ра­зам з тым, у часткі дзяцей існуе рызыка цяжкага цячэння хваробы, а таксама яе доўгатэрміновых наступстваў. На думку медыкаў, лічыць, што дзеці хварэ­юць на каронавірусную інфекцыю значна лягчэй за дарослых — недальнабачна. Маецца паведамленне пра тое, што да 25% інфіцыраваных дзяцей пасля перанесенага, нават няцяжкага, кавіду адчуваюць працяглыя адхіленні ў здароўі ў выглядзе высокага ўзроўню стомленасці і галаўнога болю. Вакцынацыя ж змяншае верагоднасць цяжкага цячэння і адтэрмінаваных наступстваў хваробы.

***

Тым часам у раёне актыўна вядзецца вакцынацыя дарослага насельніцтва. Прышчэпку суп­раць COVID-19 жыхары раёна могуць зрабіць такімі прэпаратамі як кітайская вакцына “Vero Cell” і расійскія “Спутнік V», «Спутнік Лайт» і «КавіВак».

Запісала Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.