Цуды зімовых канікул

25 снежня ў вучняў пачнуцца зімовыя канікулы. Сёлета яны больш працяглыя, чым у папярэднія гады — будуць доўжыцца да 9 студзеня ўключна. Традыцыйна школы на гэтую пару прымуць дзяцей у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем. У раёне апошнія будуць дзейнічаць у Гарбацэвіцкай і Каменскай сярэдніх школах, Цялушскім, Ленінскім і Хімоўскім вучэбна-педагагічных комплексах. Сёлета ў іх плануюць адпачыць, набрацца станоўчых уражанняў 85 школьнікаў.

Перадканікулярныя дні, як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета раёна Вікторыя Шунько, абяцаюць быць насычанымі шматлікімі мерапрыемствамі самых розных накірункаў. У цэнтры, вядома ж, святочныя — навагоднія і калядныя. Ранішнікі, тэатралізаваныя відовішчы, конкурсна-гульнёвыя праграмы пройдуць ва ўсіх без выключэння ўстановах адукацыі: школах, вучэбна-педагагічных комплексах, дзіцячых садках, у радзе сельскіх устаноў культуры, у прыватнасці Каменскім СК, Міхалёўскім СДК. Павіншаваць дзяцей са святам прыйдуць не толькі Дзед Мароз і яго казачныя сябры, але і старшыні мясцовых сельвыканкамаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў на тэрыторыі сельсаветаў.

Выхаванцы дзіцячага прытулку Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з вялікім натхненнем чакаюць 24 снежня — у гэты дзень тут мае адбыцца навагодняе свята. 28 снежня ў Палацы мастацтваў г. Бабруйска будзе наладжана навагодняе дабрачыннае свята для дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот, а таксама дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі (у Бабруйскім раёне іх 81 чалавек).

Дэлегацыя раёна з 13-ці вучняў прыме ўдзел у абласным навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей з удзелам кіраўніцтва Магілёўшчыны — мерапрыемства пройдзе 29 снежня ў Палацы культуры вобласці. У гэты ж дзень зазіхацяць агеньчыкі і на лясной прыгажуні ў дзіцячым доме сямейнага тыпу сям’і Рак у пасёлку Глуша, куды павіншаваць дзяцей і дарослых з навагоднімі святамі завітаюць прадстаўнікі Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама. А 6 студзеня трох найбольш актыўных і паспяховых у вучобе, творчасці, спорце навучэнцаў раённых школ чакаюць у Палацы Незалежнасці Рэс­публікі Беларусь, дзе пройдзе рэспубліканскае навагодняе свята.

Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.