Темы

Быў не рамеснікам, а майстрам

Быў не рамеснікам, а майстрам

Уздымаючы актуальную на гэтую пару тэму жніва, перабіраючы газетныя падшыўкі 20-гадовай і болей даўніны, выразна зразумела, што наступным героем распачатага “раёнкай” цык­лу аповедаў, прысвечаных 95-годдзю Бабруйскага раёна, “След на зямлі” павінен стаць Генадзь Хурсан. Людзям, якія маюць дачыненне да сельскай гаспадаркі раёна, хто працуе ў галіне не адзін год і тым болей жыхарам бортнікаўскай зямлі не варта тлумачыць — што гэта за чалавек і якім ён быў. Для іншых адзначу — быў Чалавекам!

­Гавару гэта і таму, што неаднойчы ў сваім карэспандэнцкім жыцці сустракалася з Гена­дзем Мікалаевічам — і выключ­на заўсёды з нагоды яго ўшанавання як перадавіка СВК “Гігант” не толькі раённага, але абласнога і рэспуб­ліканскага ўзроўняў — і таму, што такіх адозваў прытрымліваюцца выключна ўсе, хто ведаў гэтага чалавека, хто з ім працаваў, каму заўчасная страта Генадзя Хурсана прынесла смутак і боль.

У свой час “раёнка” пісала:
26 жніўня 1998 г. “У бацькі і сына Хурсаноў з калгаса “Гігант”, як і ў мінулыя гады, у гэтым уборачным сезоне справы ладзяцца. Мікалай Ціханавіч і Генадзь Мікалаевіч ізноў лідзіруюць. Іх экіпаж з пачатку жніва намалаціў ужо каля шасцісот тон зерня”.


25 жніўня 2001 г. “Важнейшая сельгаскампанія — жніво. Аднымі з першых рапартавалі аб яе завяршэнні хлебаробы калгаса “Гігант”. Усе стараліся. Але найбольшы поспех выпаў на долю камбайнавага экіпажа ў складзе Генадзя Хурсана і Аляксандра Дзеркача, якія першымі ў раёне намалацілі тысячу, а затым і паўтары тысячы тон зерня — выйшлі на найбольш высокі рубеж!”.


21 ліпеня 2007 г. “Победители республиканского соревнования “Жатва-2006”… Г.Н. Хурсан — ст. комбайнер СПК “Гигант”.


15 жніўня 2012 г. “Почти одновременно несколько комбайновых экипажей “гигантовцев” первыми перешагнули тысячный рубеж в намолоте зерна… Это экипажи Ивана Коновальчика — Михаила Альховика, Владимира Зуба — Ивана Станкевича, Геннадия Хурсана — Ивана Богданова… Эти комбайнеры не первый год бороздят хлебную ниву, ежегодно показывая на жатве пример самоотверженного труда”.

Разам з бацькам, ліпень 1989 г.

І такіх прыкладна слоў пра знакамітага камбайнера “Гіганта” Генадзя Мікалаевіча Хурсана, пра яго разам з ардэнаносцам-бацькам Мікалаем Ціханавічам — такім жа адданым камбайнерскай справе чалавекам — набярэцца ў сукуп­насці не на адзін нумар раённай газеты.

“Вытокі Генадзевай працавітасці і дабрыні — у бацьку, — згадвае старэйшая сястра героя аповеду Раіса Мікалаеўна Кавалёва. — Бацька аддаў камбайнерскай справе 44 гады. Ён жыў сваёй работай, да камбайна ставіўся, як да адушаўлёнага прадмета. Бруду, паломкі, нават нязначнай, цярпець не мог, на гэта і цікаўнаму да тэхнікі Гене з малалецтва ўказваў. Да нас, дзяцей, тата ставіўся з вялікай пяшчотай ды і ўвогуле з лю­дзьмі быў ветлівы, добразычлівы… Але ж і выхаванне маці Антаніны Іванаўны сказалася. З-за бацькавай занятасці менавіта яна ў асноўным займалася намі. Не маючы асаблівай патрэбы ў сродках — перадавы камбайнер прыносіў дадому немалыя грошы — маці, між тым, не стрымлівала нас, калі ў дзяцінстве разам з іншымі ішлі працаваць у калгас. На бацькава шкадаванне і прапанову засцерагчы дзяцей ад нялёгкай дарослай працы звычайна гаварыла — няхай ідуць, трэба, каб былі, як усе”.

Генадзь Хурсан з сястрой Раісай

…Хлебаробчую справу Генадзь Хурсан спазнаў яшчэ да службы ў войску — у апошнія школьныя гады і адразу пасля іх быў памочнікам Мікалая Ціханавіча на жніве. Ужо тады ўяўляў, як некалі сам сядзе за штурвал гэтай агромністай машыны і ў працы паспрачаецца з перадавіком-бацькам (Мікалай Ціханавіч узнагаро­джаны ордэнамі “Знак Пашаны” і “Працоўнага Чырвонага Сцяга”), працягне ягоную слаўную традыцыю.

Пасля заканчэння Міхалёўскай школы (з 1 па 9 клас вучыўся ў Бортнікаўскай СШ) і службы ў войску Генадзь, як і планаваў, вярнуўся на малую радзіму, у Вялікія Бортнікі, прыйшоў на працу ў “Гігант”. Некаторы час быў памагатым у Мікалая Ціханавіча — удваіх яны тым болей трымалі перадавую пазіцыю на ўборцы хлябоў. Затым і яму самаму даручылі павесці камбайн па бяс­крайніх гігантаўскіх палях. З таго першага жніва і да апошняга ў 2015 годзе Генадзь Хурсан рабіў гэта, як задушэўную песню спяваў — нетаропка, пранікнёна, асцярожна выводзячы кожную ноту, каб у рэшце рэшт узняць голас на поўную моц — не пакінуць на ніве ніводнага коласу, не аддаць глебе нівод­нага зерня, аддзячыць зямлі-карміцелькі за ўраджай, калектыву — за аказаны давер.

Давер, які малодшы Хурсан — па характары стрыманы і немнагаслоўны, у рабоце — напорысты і пранікнёны, абыякавы да славы, але неабыякавы да вынікаў працы — апраўдаў спаўна. Ягонае імя, як некалі бацькава, гучала на кожным свяце раённых “Дажынак”, на кожнай урачыс­тасці з нагоды прафесійнага дня работнікаў сельскагаспадарчай галіны, на штогодным раённым злёце перадавікоў (незадоўга да смерці быў удастоены 15-га ганаровага звання “Лепшы камбайнер”).

Гучыць і сёння… Ва ўспамінах родных, калег, аднадумцаў-сяброў, у шэлесце спелай хлебнай “гігантаўскай” нівы, у подыху ветра над ёй, у роўным, прыглушаным гуле
гігантаў-камбайнаў…


Слаўны працоўны шлях знакамітага механізатара быў адзна­чаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх высокія дзяржаўныя — медаль “За працоўныя заслугі” і ордэн “Знак Пашаны”.

Алена КАРПЕНКА. Фота з сямейнага і рэдакцыйнага архіваў.

Старшыня СВК “Гігант” М.П. Левакоў: “Вельмі часта згадваю Генадзя, вельмі… У адносінах да працы ён быў майстрам. Разумееце, не рамеснікам — прыйшоў, атрымаў заданне, выканаў, пайшоў. А майстрам — зрабіць, як найлепш, з гаспадарскім падыходам, з душой… Калі гаварыць пра чалавечыя якасці — быў надзвычай сціплы, сціплы і прыстойны…”.
Галоўны інжынер СВК “Гігант” І.А. Міхалёнак: “Такія людзі, як Генадзь Хурсан, вялікая рэдкасць… іх прос­та адзінкі — прыклад сціпласці, сумлення, працалюбства, чалавечнасці, дабрыні”.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем