Темы

В.Я. Масолава: “Зямлю адчуваю нагамі і душой”

В.Я. Масолава: “Зямлю адчуваю  нагамі і душой”

Застаць Валянціну Якаў­леўну — галоўнага агранома філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, у святочным строі на працы — справа нялёгкая. Звыклае паходнае адзенне амаль заўсёды дапаўняюць завязаная “пад паненку” хустачка і гумовыя боты. Гэта стыль яе работы і жыцця — першае і другое даўно сталі непадзельнымі, фізічная і ўнутраная патрэба кожную хвіліну знаходзіцца на зямлі: у полі, на сенажаці, на раллі… Дый хіба можа быць па-іншаму, калі, перш чым даць механізатарам тую ці іншую работу, яна сама абавязкова пабывае на полі, паходзіць па ім, паслухае яго дыханне. “Калі не пастаіш на глебе, не патрымаеш у руцэ тую ж раслінку ці колас, хіба зразумееш іх стан? Прыблізна, можа і так, а вось дакладна — ніколі”, — упэўнена мая субяседніца.

Пра тое, што звяжа сваё жыццё з работай на зямлі, Валянціна Масолава была ўпэўнена яшчэ тады, калі басанож бегала на калгасную ферму дапамагаць маці “даярыць”. Там жа пастухом працаваў і бацька. Як і іншыя вяскоўцы, сям’я трымала немалую гаспадарку, таму сельскагаспадарчыя клопаты, гэтак жа, як і спрадвечная трывога за ўраджай, дзяўчынцы былі знаёмыя з дзяцінства.

Бавячы час на калгасных прасторах, назіраючы за тым, як з-пад набраклай зямлі прабіваюцца першыя раслінкі, як зіхаціць, пераліваючыся на сонцы, зялёная ралля, а з часам там жа замілавана шапоча спелае калоссе, дзяўчынка-падлетак марыла з гадамі далучыцца да навукі вырошчвання хлябоў, абавязкова стаць карыснай суайчыннікам і краіне. Таму, калі надыйшоў час выбіраць прафесію, выдатніца Валя — у школьным атэстаце значылася адзіная чацвёрка, і тая па маляванні — выразна зразумела, што доўгага растання з сельскім укладам жыцця, з блізкім яе светаадчуванню нетаропка-размераным, напоўненым сэнсам вясковым побытам — з усім тым, што выклікае ў яе душы трапяткую пяшчоту і замілаванне, не вытрымае. Таму ўпэўнена падала дакументы ў прэстыжную на той час Горацкую сельгасакадэмію.

Вучоба прылежнай і дапытлівай студэнтцы давалася лёгка. З прагай і цікаўнасцю ўбірала яна веды, асабліва па абранай спецыяльнасці.

Пасля заканчэння ўстановы на працягу некалькіх год прымяняла духоўны здабытак, а яшчэ болей — набіралася практычнага вопыту па агранаміі ад старэйшых калег у калгасе імя Арлоўскага на Кіраўшчыне. Аднак з-за сямейных абставінаў першае працоўнае месца вымушана была пакі­нуць. Вярнулася на малую радзіму. Праўда, ізноў ненадоўга. Пасля была работа ў адной з гаспадарак Жлобінскага раёна, дзе Валянціна Якаўлеўна сустрэла сваю другую палавінку. З мужам у згодзе і пашане яны пражылі 30 год (у 2009 годзе гаспадара не стала), выхавалі двое дзяцей. Старэйшая дачка з сям’ёй з некаторага часу таксама жыве ў Цялушы: прыехаўшы аднойчы да маці са Жлобіншчыны, упэўнена заявіла, што хоча застацца ў гэтым населеным пункце. Малодшая дачка ўжо таксама стварыла ўласную сям’ю. І ­хоць жыве ў Бабруйску, у баць­коўскім доме частая госця. “Свой жыццёвы план я, можна сказаць, выканала, — з усмешкай разважае субяседніца. — Дзяцей нарадзіла, дала ім вышэйшую адукацыю, маю чацвёра ўнукаў. Сям’я ў нас дружная, надзейная, падтрымліваем адзін аднаго не толькі словам, але і справай”. Не без дапамогі дзяцей Валянціне Якаўлеўне, з яе напружаным працоўным графікам — асабліва ў гарачыя поры сяўбы і ўборкі — удаецца трымаць вялікую хатнюю гаспадарку, у якой не толькі дробная жывёла, але і рагуля. Ёсць і агарод — хіба можна абысціся без яго ў вёсцы ды яшчэ аграному?

У мясцовай гаспадарцы Валянціна Масолава ўжо 22 гады, хоць стала яе работнікам, як прызнаецца, амаль выпадкова. Ехалі яны з мужам паўз гэтых мясцін — дужа спадабаліся краявіды — і прыкмецілі, што камбайны ў полі працуюць з адным толькі механізатарам. Вырашылі пацікавіцца справамі, а калі што, дык і прапанаваць свае паслугі (муж суразмоўцы быў трактарыстам). Так і засталіся ў гаспадарцы. Валянціна Якаўлеўна на пачатку была ў пасадзе агранома, а літаральна праз два гады — ужо і галоўнага.

Гераіня аповеду не з тых спецыялістаў, хто працуе па разнарадцы. Нагадваць — падсеяць, падкарміць, апрацаваць… не пра яе. Калі што, дык і сама нагадае начальству.

— На рабоце галоўнае — узаемапаразуменне, — дзеліцца аграном Масолава, — каб ты людзей разумеў, і яны цябе таксама.

На пытанне, ці наладжана такая прафесійна сувязь у “Харчавіку-Агра”, смеючыся, заўважае: “У рабоце з начальствам трэба разумець — хто старшы па званні, таго і праўда”. І ўжо зусім сур’ёзна дадае: “Каб не было паразумення, дык і вынікаў такіх не было б. З Мікалаевічам (Міхаіл Мікалаевіч Стрыжэўскі — дырэктар філіяла, — заўв. аўт.), як мне здаецца, разумеем адзін аднаго з паўслова. Нашыя меркаванні цалкам сыходзяцца, таму і адстойваць сваю думку не даводзіцца. Тут мне пашанцавала. Кіраўнік разумее, што я хачу, я разумею, што ён патрабуе. Пры гэтым да мяне як спецыяліста заўсёды прыслухоўваецца”.

У размове пра маладое пакаленне аграномаў, тых, хто да прафесійных абавязкаў толькі прыступае, Валянціна Якаўлеўна заўважае, што з павагай адносіцца да іх камп’ютарных пазнанняў — час не стаіць на месцы, падыходы да працы мяняюцца. Пры гэтым ўпарта адстойвае меркаванне, што быць добрым аграномам, не ходзячы па полі, не беручы ў рукі глебы, не атрымаецца.

Сама жанчына, як прызналася, зямлю адчувае нагамі і душой.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем