Курс на развіццё абраны правільны

Т.Ф. Петухова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Глушанскага ВПК “Дзіцячы сад-школа” — адна з сямі дэлегатаў 4-га Усебеларускага народнага сходу ад нашага раёна. Чаму такі пачэсны гонар выпаў менавіта ёй? Таму што,  адзначаюць калегі па працы і ўсе, хто добра ведае Таццяну Фёдараўну — яна гэтага заслугоўвае. І як настаўнік-прафесіянал, і як чалавек сумленны, адказны, неабыякавы да таго, як будзе развівацца краіна ў наступнай пяцігодцы.

Родам Таццяна Фёдараўна з вёскі Брожа нашага раёна. Там прайшло яе дзяцінства, адтуль пайшла ў вялікую дарогу дарослага жыцця, якая ў рэшце рэшт зноў прывяла на малую радзіму, няхай не ў Брожу, але ж на родную Бабруйшчыну. Пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага інстытута Таццяна Фёдараўна навучала дзяцей роднай мове, прывівала ім любоў да беларускай гісторыі, культуры, літаратуры ў Вялікіх Бортніках, Плёсах, Гарбацэвічах. І вось ужо на працягу без малога 20 год у Глушы, куды выйшла замуж і дзе нарадзілася дачушка, цяпер — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На запытанне, якое стаўленне сучасных дзяцей да беларускай мовы, мая субяседніца адказала:

— Дзеці любяць родную мову, імкнуцца на ёй размаўляць, хаця б падчас урока. З задавальненнем прымаюць удзел ва ўсемагчымых  конкурсах, як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага маштабу. Ёсць і добрыя вынікі. Аднак відавочны і цяжкасці ва ўспрыманні беларускай мовы, таму што чуюць яе дзеці мала: асяродак, дзе яна гучыць, вузкі.

Засмучае Таццяну Фёдараўну і той факт, што гадзін, адведзеных на вывучэнне беларускай літаратуры, дзе б гучала роднае слова, стала меней. Хвалюе і пытанне аплаты працы настаўніка непасрэдна ў Глушы: з-за надання населенаму пункту статуса малога горада, педагогі страцілі ў заработнай плаце. Неадкладныя меры, на думку настаўніцы, неабходна прымаць, каб падняць статус і самога педагога, як гэта было раней. Да адбору прэтэндэнтаў у настаўнікі патрабаванні трэба каб былі адпаведныя. Дзяцей павінны навучаць высокаідэйныя, інтэлігентныя людзі. Толькі пры такой умове ад навучання і выхавання будзе плён. А яшчэ настаўнік павінен у першую чаргу навучаць. Цяпер жа ён занадта загружаны работай з паперамі. Падтрымку ў неабходнасці вырашаць усе гэтыя пытанні абраннік свайго калектыву і калектыву настаўнікаў раёна Таццяна Фёдараўна спадзяецца знайсці ва ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу. 

Пры гэтым Т.Ф. Петухава адзначае, як шмат у краіне было зроблена за адыходзячую пяцігодку. Мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва дазволіла павялічыць рэальныя грашовыя даходы грамадзян, выраслі заработная плата і пенсіі. Зменшылася колькасць малазабяспечанага насельніцтва. Знізілася беспрацоўе. Павялічылася працягласць жыцця насельніцтва. Нямала станоўчага адзначана ў сістэме адукацыі. У прыватнасці значна пашырылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Непасрэдна ў Глушанскай школе з’явіўся сучасны камп’ютарны клас, які дае вучням магчымасць пашыраць свае веды праз сетку інтэрнэт. У класе не толькі новыя камп’ютары, але і неабходная мэбля. З’явіліся і іншыя, так патрэбныя школе рэчы. Прыемна, па словах Таццяны Фёдараўны, і тое, што на будучую пяцігодку першачарговымі задачамі ў сферы адукацыі з’яўляюцца павышэнне яе якасці, стварэнне гнуткай сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў згодна з патрабаваннямі інавацыйнага развіцця, а таксама тое, што палітыка дзяржавы будзе накіравана на стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця маладых грамадзян краіны, актыўнае іх уключэнне ва ўсе сферы жыццядзейнасці.

Час ідзе, краіна развіваецца і прыгажэе, а гэта, на думку дэлегата 4 Усебеларускага народнага сходу, гаворыць пра тое, што курс на развіццё абраны правільны. А калі дзе маюцца недапрацоўкі, то на тое ж яны і дэлегаты, — лічыць Таццяна Фёдараўна, каб сумеснымі намаганнямі іх выправіць.

А ўвогуле, па словах маёй суразмоўцы, быць абранай на народны  сход такога высокага маштабу для яе і вялікі гонар, і вялікая адказнасць. Гонар ад таго, што заслужыла давер, што нястомная праца па выхаванні падрастаючага пакалення не засталася незаўважанай, што будзе працаваць разам з прэзідэнтам краіны. Адказнасць — таму што за яе спіной думкі, погляды і меркаванні многіх людзей, яе калег.   

Алена КАРПЕНКА.

Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА. 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.