У райвыканкаме
Працоўны тыдзень для кіраўнікоў арганізацый і начальнікаў аддзелаў райвыканкама пачаўся, як звычайна, з планёркі ў старшыні раённага выканаўчага камітэта Міхаіла Шалкоўскага, дзе абмяркоўваліся злабадзённыя пытанні.
Робячы справаздачу аб стане сельскагаспадарчых спраў, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Валерый Сяргейчык адзначыў, што сезон палявых работ у раёне набліжаецца да заканчэння. У прыватнасці, азімыя культуры на пачатак тыдня заставаліся недасеянымі толькі ў 2-х сельгасарганізацыях: СВК “Гігант” і “Калгас імя Дзяржынскага”. Грэчкі засталося ўбраць 13 гектараў. Бульбы выкапана 61 працэнт ад задання пры сярэдняй ураджайнасці 261 ц/га, найвышэйшы паказчык ураджайнасці — болей за 400 ц/га — у “Гіганце”. Цукровыя буракі таксама працягваюць убіраць, праўда, па словах Валерыя Сяргейчыка, ураджайнасцю пакуль пахваліцца нельга — каля 150 ц/га. Болей за 2 тысячы тон клубняў на пачатак тыдня былі здадзены на цукровы завод. У “Гіганце” працягваюць убіраць кукурузу на зерне. Займаюцца ў гаспадарках таксама засыпкай насення бульбы, а там, дзе пасеяна гародніна, і яе ўборкай (у зямлі застаюцца морква, сталовыя буракі і капуста). Акрамя таго, актыўна вядуцца работы па падняцці зябліва.
Закранаючы пытанні жывёлагадоўлі, было адзначана, што валавы надой малака ў цэлым па раёну на раніцу панядзелка склаў 103 працэнты. У СВК “Калгас імя Дзяржынскага” прайшла выязная нарада, падчас якой, разам з іншым, былі дадзены канкрэтныя рэкамендацыі адносна рацыёнаў кармлення жывёлы, што ў выніку павінна прывесці да росту малака. Пры гэтым Міхаіл Шалкоўскі заўважыў, што “малако трэба не толькі даіць, але і прадаваць”.
У сувязі з тым, што да канца верасня засталося некалькі дзён, намеснік старшыні райвыканкама Тамара Рудая заклікала кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый пракантраляваць ход выканання прагнозных паказчыкаў, памятаючы, што вынікі 9-ці месяцаў звычайна вызначаюць год. Было рэкамендавана не пакінуць без увагі выкананне задання па тэмпах росту заработнай платы. Закранаючы пытанне ўдзелу гаспадарак раёна ў кірмашах па продажы сельгаспрадукцыі, была адзначана высокая актыўнасць кірмашу ў мінулую суботу, выручка склала 27 млн. рублёў.
Святлана Носава, намеснік старшыні райвыканкама, паведаміла аб правядзенні ў Кавалёўскім сельвыканкаме сходу грамадскасці, падчас якога былі абмеркаваны надзённыя пытанні жыхароў сельсавета, у тым ліку і стан могілак. Да таго ж намеснік старшыні заклікала кіраўнікоў арганізацый не заставацца абыякавымі да пытанняў здароўя сваіх работнікаў, арганізаваць вакцынацыю калектываў ад грыпу. Таксама былі абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі да выбараў Прэзідэнта краіны.
Спыняючыся на пытаннях падрыхтоўкі да зімы, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Віктар Кондрат адзначыў, што на канец мінулага тыдня пашпарты гатоўнасці не мелі 10 з 22 цеплакарыстальнікаў і 10 з 42 цеплакрыніц; з кацельных жылкамгаса пашпартоў не мелі 3. Кіраўнік раёна указаў на недастатковую актыўнасць цеплакарыстальнікаў па атрыманні пашпартоў і паставіў умову атрымаць апошнія да пачатку кастрычніка ўсім без выключэння. Што тычыцца дроў і шчапы, то даведзенае на 1 кастрычніка заданне па іх нарыхтоўцы будзе выканана.
Аб рабоце, якая вядзецца ў раёне па забеспячэнні бяспекі грамадзян, аб мерах, накіраваных на папярэджанне правапарушэнняў і злачынстваў, далажыў начальнік Бабруйскага РАУС Сяргей Ільін.
Алена КАРПЕНКА.