Кукурузнае зерне запатрабавана
З вясны кукурузы на зерневыя мэты ў раёне планавалася ўбраць 725 га, цяпер жа вырашана ўбраць значна болей — 1 200 га. Гэта стала магчымым дзякуючы спрыяльнаму для культуры надвор’ю, якое прывяло да якаснага наліцця зерня, высокай ураджайнасці пасеваў.
Па апошніх дадзеных, амаль палова кукурузных плошчаў на гэтыя мэты ўбрана. Намалочана 3,5 тысячы тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці па раёне 65 ц/га, у тым ліку ў СВК “Гігант” — 110 ц/га, у філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” — 75, у філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” — 71 ц/га. Вышэй за сярэднераённы паказчык ураджайнасць таксама ў Бабруйскім ААТ “Аграмашсервіс” і філіяле “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” — па 66 ц/га.
“Кукурузнае зерне запатрабавана, тым болей ва ўмовах сёлетняга дэфіцыту ўраджаю яравой збажыны, — адзначыла начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення райсельгасхарчу Жана Жукоўская. — З гатоўнасцю бяруць яго перапрацоўчыя прадпрыемствы ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”, ЗАТ “Экамол Агра”, іншыя. Частку ўраджаю гаспадаркі, вядома ж, пакінуць сабе, для патрэб жывёлагадоўлі”.
Таксама ў раёне гэтым часам працягваюць капаць бульбу, убіраць цукровыя буракі, закладваць кукурузны сілас на зіму жывёле.
Алена КАРПЕНКА.