На парозе — новы навучальны год
Ва ўстановах адукацыі рыхтаваліся да яго на працягу ўсяго лета. Педкалектывы разам з навучэнцамі наводзілі глянец у кабінетах, тэхнічныя работнікі займаліся аднаўленнем месцаў агульнага карыстання, усе разам добраўпарадкоўвалі школьную і каляшкольную тэрыторыі.
Выкананне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 2016-2017 навучальнага года пачалося, як заўважыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Баркоўская, яшчэ ў чэрвені, пасля таго, як завяршылі сваё функцыянаванне дзённыя аздараўленчыя лагеры. Работа праведзена немалая. Сярод асноўнага і найбольш складанага — завяршэнне падводкі гарачай вады ў буфетныя дзіцячых садкоў і харчблокі школ, падвядзенне гарачай вады ў санвузлы 10 устаноў адукацыі, рамонт выцяжной вентыляцыі на 6 харчблоках, дадатковая ўстаноўка і замена 28 вытворчых ваннаў, набыццё электронных вагаў ва ўсе ўстановы адукацыі. Акрамя запланаваных сродкаў, райвыканкам знайшоў магчымасць вылучыць дадатковыя, каб прадпісанні зацікаўленых службаў — занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, гаррайаддзела па НС, энерганагляду былі выкананы ў час і па максімуму. Сумеснымі намаганнямі педкалектываў, дзякуючы дапамозе райвыканкама, часткова — спонсарскай, падрыхтоўчую работу ўдалося выканаць у час — пашпарты гатоўнасці ўсіх без выключэння ўстаноў адукацыі ўжо падпісаны.
Сёлета, як і ў папярэдні год, свае дзверы для дзяцей адчыняць усе 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, будуць функцыянаваць і ўсе 7 дзіцячых садкоў. Змена адбылася адна — толькі ў назве Осаўскага ВПК “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”. З 1-га верасня вучэбна-педагагічны комплекс будзе называцца “Дзіцячы сад-базавая школа”. Для дзяцей у сувязі з гэтым, як адзначыла начальнік аддзела, нязручнасцей не будзе. Некаторыя старшакласнікі (вучні 10 класа) паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Тыя, хто вырашыў працягнуць адукацыю на 3-й ступені (10 і 11 класы), будуць навучацца ў Ленінскім ВПК “Дзіцячы сад-СШ”. Пытанне падвозу непаўналетніх вырашана. Для гэтых мэт будзе задзейнічаны аўтобус Ленінскага ВПК, які вылучаны ўстанове ў мінулым годзе. Перш чым перавесці осаўскі ВПК у разрад базавых, з вучнямі і іх бацькамі была праведзена тлумачальная работа. І дарослыя, і школьнікі, па словах Алены Баркоўскай, з разуменнем аднесліся да неабходнасці эканомнага падыходу да выкарыстання дзяржаўных сродкаў. Тым болей што гэтая перамена ніякім чынам не паўплывае на якасць навучання дзяцей. Ленінскі ВПК, гэтак жа, як і осаўскі, багаты на свае традыцыі. Яго навучэнцы маюць шмат дасягненняў, вучэбны працэс тут ажыццяўляе моцны педагагічны калектыў. І ў адным, і ў другім вучэбна-педагагічных комплексах выкладанне прадметаў вядзецца па-беларуску, у якасці замежнай вывучаецца англійская мова.
Кадравае пытанне ў сельскіх установах адукацыі, як нам паведамілі, у асноўным вырашана. Раён пастаянна працуе ў сістэме электроннага заказу маладых спецыялістаў. З 15 жніўня да сваіх абавязкаў прыступілі 17 пачынаючых педагогаў — выпускнікі Мінскага лінгвістычнага, Магілёўскага і Мазырскага педагагічных універсітэтаў, а таксама Горацкага і Рагачоўскага педкаледжаў. 6 маладых спецыялістаў навучаліся па мэтавым дагаворы, таму будуць адпрацоўваць 5 год, што павялічвае шанцы на іх пастаяннае замацаванне ў раёне. Патрэба застаецца ў настаўніках замежнай мовы і ў выхавальніках дашкольнай адукацыі. Аднак вучэбны працэс з-за гэтага, як адзначыла начальнік аддзела, пакутаваць не будзе: вольныя гадзіны размеркаваны паміж цяперашнімі педагогамі.
Такім чынам ў вясковых школах і садках маецца ўсё для таго, каб 1 верасня дзеці прыступілі да вучэбнага працэсу ў камфортных умовах і з добрым настроем.
Алена КАРПЕНКА.