У раёне ўбіраюць азімы рапс
Пасля ўборкі азімага ячменю, сярэдняя ўраджайнасць якога склала 40 ц/га, у раённых сельгасарганізацыях узяліся ўбіраць адну з найбольш высокарэнтабельных раслін — азімы рапс. Як паведаміў начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Віктар Садоўскі, па стане на 20 ліпеня ўбраны 1 291 гектар, або 46% да задання. Пры сярэдняй ураджайнасці 21 цэнтнер з гектара намалочана 2 734 тоны масланасення.
Адначасова з уборкай вядзецца актыўны продаж алейнай культуры ў лік дзяржаўных патрэб. З плану ў 1 410 тон на 20 ліпеня рэалізавана 859 тон масланасення.
У асобных гаспадарках ужо спрабуюць убіраць збожжавыя культуры. Да канца тыдня, хутчэй за ўсё, пачнецца масавы збор зерня, старт якому сёння дадуць раённыя “Зажынкі”. Аб’ёмы жніва ўнушальныя — пад збожжавыя і зернебабовыя расліны ў раёне занята звыш 14 тысяч гектараў. Каб збор зерня прайшоў зладжана, у вызначаныя агратэрміны, на хлебнай ніве будзе працаваць звыш 50 адзінак зернеўборачных камбайнаў, болей за 60 адзінак тэхнікі для перавозкі зерня.
Працоўнае спаборніцтва хлебаробаў: механізатараў і вадзіцеляў, работнікаў сушыльных комплексаў па традыцыі знойдзе адлюстраванне на старонках нашай газеты.
Алена КАРПЕНКА.