Темы

Мой родны кут, як ты мне мілы

У гэтым годзе спаўняецца 450 год з дня ўспамінання назвы нашай вёскі. На самой справе Орсічам нашмат болей год. Не так даўно каля вёскі была знойдзена старажытная каменная прылада, якой, хутчэй за ўсё, людзі здзіралі рэшткі мяса са шкур жывёлы. На думку археолагаў, гэтым каменным знаходкам 15-25 тысяч год.

   На правым беразе некалі шумлівай рэчкі, паблізу лясоў і вялікага возера і пасяліліся шмат год таму людзі. З цягам часу вады ў возеры станавілася ўсё меней і меней, яно зарастала камышамі, асакой, хмызнякамі. За многія-многія тысячагоддзі на месцы возера ўтварыліся вялікія залежы торфу, разросся густы лес.  Возера насіла назву Страміцкае (так яно значыцца на старадаўніх картах).

І вёска называлася раней не Орсічы, а Ворсічы. Ёсць шмат меркаванняў таго, адкуль пайшла назва вёскі. Найболей верагодным, лічу, тое, што вёска знаходзілася ў двухдзённых пераходах ад Рудобелкі (зараз г.п. Акцябрскі) да Бабруйска. Адолець такую дарогу за дзень было немагчыма, таму людзі, якія ехалі ў Бабруйск, каб што-небудзь прадаць ці купіць, начавалі ў вёсцы. Спыняліся тут і на зваротнай дарозе. Іншымі словамі, як любяць гаварыць беларусы, “ворсаліся” туды-сюды, за што вёска і атрымала назву Ворсічы.

І возера, і рэчка былі багатыя на рыбу. У лясах, што прылягалі да вёскі, расло шмат грыбоў, ягад, арэхаў. Усё гэта карміла мясцовых жыхароў. Назапашанае за лета ўзімку вазілі на Бабруйскі рынак, дзе куплялі адзежу і абутак.

Па рэчцы яшчэ ў мінулым стагоддзі сплаўлялі лес. Зімой спілоўвалі дрэвы і конямі звозілі іх да рэчкі, а вясной, калі вада прыбывала, лес кідалі ў ваду і сплаўлялі да рэчкі, якая выцякала з Страміцкага возера да так званых “Вілачак”. У пачатку мінулага стагоддзя ў гэтых Вілачках былі дзве невялікія прыстанькі, на якіх два браты майстравалі з бярвення плыты, і нашыя вясковыя мужчыны на іх  пускаліся ў воднае падарожжа — у Бярэзіну, з яе — у Дняпро, і гналі плыты аж да Нікалаева на Украіне. Адтуль вярталіся дамоў пешшу, з вяроўкамі на плячах, якім плыты звязваліся. Прыходзілі звычайна аж на Троіцу.

Не пакінула нам гісторыя весткі пра нашэсце на нашу зямлю чужынцаў, але ж каля вёскі ёсць старажытныя курганы. Старыя людзі лічылі, што гэта могілкі заваёўнікаў, татарскія курганы-могілкі. У дзяцінстве мы выкопвалі там розныя гліняныя чарапкі ад посуду.

Перад першай сусветнай вайной у 1914 годзе каля вёскі пачалі класці чыгунку. Гавораць, яе рабіў сам цар, каб да фронту з немцамі было бліжэй падвозіць неабходныя грузы, армію. Да Вялікай айчыннай вайны чыгунка спраўна працавала, а ў вайну партызаны падарвалі мост праз Пціч, таму пасля вайны цягнік ходзіць толькі да станцыі Рабкор.

У 1920 годзе ў вёску прыйшлі польскія жаўнеры — багата нарабілі гора людзям. Людзі рабаваліся, над імі здзекваліся, былі і забітыя. Прымушалі капаць вакол вёскі рыдлёўкамі акопы, каб ніхто не мог іх абстраляць, і ноччу не вылазілі з гэтых акопаў.

У 30-я гады ў Ворсічах  быў створаны калгас “Праўда”. Усе сельскагаспадарчыя прылады былі звезены ў калгасны свіран і абагулены. Руплівых гаспадароў называлі кулакамі і адпраўлялі на Урал, у Сібір. Многія з іх на радзіму так і не вярнуліся.

У калгасе вырошчвалі розныя культуры: бульбу, буракі, лён. Апошні асабліва радаваў вока — такім прыгожым было яго цвіценне! Гадавалі свіней, авечак.

Перад вайной у вёсцы пабудавалі школу. Пабудавалі, у асноўным, з бярвенняў ад свірнаў “кулакоў”, але будыніна атрымалася дыхтоўная: 6 памяшканняў для заняткаў, бібліятэка, настаўніцкая. Пасля вайны (у вайну будынак уцалеў) дзяцей было шмат, і вучыліся яны ў дзве змены. У школе ладзіліся цудоўныя вечарыны з тэатральнымі пастаноўкамі, на высокім узроўні была самадзейнасць. Перад самай вайной было распачата таксама будаўніцтва торфапрадпрыемства Рэдкі Рог, развіццю якога памяшала Вялікая Айчынная: яшчэ адно страшэннае выпрабаванне для жыхароў.

Многія мужчыны і маладыя хлопцы пайшлі ў лес у партызаны, каб са зброяў у руках змагацца з ворагам. Немцы не вельмі лезлі ў лес з аўтаматамі: баяліся. Многіх маладых хлопцаў, дзяўчат, дзяцей пазабіралі ў нямеччыну. Некаторыя там і засталіся. Дарэчы, некалькі год таму родную вёску наведаў жыхар Германіі. Сустрэча была вельмі цёплай. На жаль, гэты чалавек ужо не валодаў мовай сваіх бацькоў.

У канцы ліпеня 44-га нашы войскі прыйшлі ў вёску — партызаны і ўсе хлопцы пайшлі на фронт дабіваць ворага. Многія загінулі, многія вярнуліся з вайны пакалечанымі. Вайна — гэта самае жудаснае, што можа быць на зямлі, пра гэта нельга забываць.

Вайна скончылася, і людзі перайшлі да мірнага жыцця. Найперш трэба было аднавіць разбуранае фашыстамі, а з мужчын засталіся толькі старыя ды пакалечаныя. Трэба было адрадзіць палі, якія за час вайны пазарасталі. Хадзілі з сякерамі, высякалі дрэўцы. Усяк даводзілася. Было і так, што жанчына не паспявала накарміць дзяцей, не дапаліла ў печы — забягаў старшыня калгаса, вядро вады ў печ, і на працу яе. Усяк было. Як кажуць, з песні слова не выкінеш…

Пабудавалі курані. Працавалі з досвітку да цемені, а за працу ў канцы года атрымлівалі… паўмяшка зерня. Але нягледзячы на гэта, усе палі былі дагледжанымі, апрацаванымі, ніякага нідзе бур’яну. Бывала, выйдуць улетку мужчыны з косамі, чалавек з дваццаць, адзін за адным. А трава сакавітая. Прыемна глядзець, як кладуцца пракосы. А праз колькі дзён усе на лузе: старыя, малыя, праца кіпіць, весела.

Праца па стварэнні торфапрадпрыемства пасля вайны адрадзілася: гораду патрэбна было паліва для працы электрастанцый. Застукалі сякеры, сталі высякаць лес, людзі сюды пачалі прыязджаць з усёй Беларусі — з’явілася магчымасць зарабіць капейку. Назвалі населены пункт Рэдкім Рогам — гэта назва нашых мясцовых урочышчаў. Там, дзе зараз стаяць дамы пасёлка — рогі, дзе планавалася здабыча торфу — рэдкія. Прыезджым трэба было недзе жыць, таму вельмі хутка з’явіліся “баракі”, пачалося будаўніцтва двухпавярховых дамоў, майстэрняў, магазінаў, сталовай і г.д. праца на балоце кіпела. Магутныя экскаватары капалі канавы, пілавалі і звозілі дровы, карчаваля пянькі, асушвалі балота. Гаварылі, што торфу тут маецца аж на 90 год. Распрацоўваліся ўсё новыя і новыя плошчы, усё больш і больш здабывалася торфу. На чыгунцы праца кіпела днём і ноччу. Паступова пабудавалі шмат дамоў, бальніцу, клуб, школу, аптэку, лясніцтва, кацельныя, баню, лесапілку. Быў свой бальнічны гарадок — на ўскрайку пасёлка, сярод хвойніку, з некалькіх домікаў. К канцу 50-х гадоў здабыча торфу даходзіла да аднаго мільёна тон у год. Праца станавілася ўсё больш механізаванай, машыны вызначаліся вялікай магутнасцю. Мужчыны працавалі на тэхніцы, на торфаздабычы, жанчыны — у асноўным у калгасе. Жаноцкія рукі, да таго ж, былі звыклыя да кроснаў. Як выраблялася палатно, колькі працы і колькі творчасці ўкладвалі ў яго жанчыны— гэта асобны аповед.  

А як весела адпачывалі! У сярэдзіне 50-х гадоў быў пабудаваны двухпавярховы клуб, у якім былі глядзельны зал з балконам, бібліятэка, більярдныя, свой духавы аркестр. Летам вялізная танцавальная пляцоўка збірала юнакоў і дзяўчат з усіх навакольных вёсак. Маладыя людзі бралі шлюбы, нараджалі дзяцей. На ўскрайку пасёлка, сярод хвойніку, быў свой бальнічны гарадок.

Як і ў кожнай вёсцы, у Ворсічах было сваё асабістае свята — “кірмаш”. Ён штогод ладзіўся  6 і 7 мая — на дзень Юр’я. З ранку 6 мая пачыналі сходзіцца, з’язджацца родзічы з усіх навакольных вёсак, гарадоў. У гэтыя дні ў любой хаце гатаваліся самыя смачныя стравы. А моладзь, якая збіралася паблізу школы на спартыўнай пляцоўцы, арганізоўвала танцы з гармонікамі. Да самага ранку гучалі полькі, вальсы, кракавяк. І што самае галоўнае — у гэтыя дні ніколі не было парушэнняў грамадскага парадку.

Дзятвы было багата. Летам днямі гулялі ў мяч, футбол. Узімку ўсе станавіліся на лыжы і канькі. На лыжах аб’язджалі ўсе горкі каля вёскі, нават за 9 кіламетраў, пралажылі лыжню да суседняй вёскі, дзе было шмат курганоў. Іх усе называлі “горамі”.

Бясконца ў вёсцы гучалі шлюбныя песні. На 1 студзеня 1967 года тут пражывала болей за 600 чалавек.

Вялікае раздолле было ў ноч на стары Новы год. У хлопцаў і дзяўчат ужо ўсё было падрыхтавана да калядавання. На рослага хлопца адзявалі вывернуты кажух. Ззаду яго завязвалі на аборку, на галаву прымацоўвалі самаробныя казіныя рогі. Іх звычайна рабілі з дрэва, абмотвалі каляровымі стужкамі. З такой “казой” наведваліся  ў кожную хату, дзе каза танчыла. Усе спявалі песні, якія ўслаўлялі Бога, гаспадароў хаты, жадалі ім у песнях здароўя, дабрабыту, за што былі ўзнагароджаны і яством, і грашыма, і бутэлькай гарэлкі. Дзяўчаты ў гэты час хадзілі ў “шчадрухі”.

У ноч на нядзелю перад Вялікаднём уся моладзь збіралася на “усюночную”. На ўскрайку вёскі ці каля лесу палілі касцёр, ды не ыбы які — за ноч спальвалі багата драўніны і некалькі дзесяткаў гумавых колаў. Да самага рання спявалі песні, скакалі праз вогнішча, расказвалі небыліцы.

Сняданак на Вялікдзень пачынаўся з чырвонага яйка. Пасля сняданку прыступалі да наступнага занятку. Вымяталі венікам двор, на якую-небудзь калодку прымайстроўвалі лубок — сухую кару з маладой ліпы. На лубку адбываліся сапраўдныя цуды. З метр яйка па лубку коціцца, скочваецца на зямлю і па падмеценаму “таку” коціцца як мага далей. Чыё яйка закоціцца найдалей, той працягвае гульню ўжо на выігрыш. Калі яйка таго, хто ў гэты час гуляе, сутыкнецца з другім, апошняе трапляе ў кішэню “вядучага”. Смех стаіць на ўвесь двор.

Мужчыны ў гэты дзень дзе-небудзь у зацішшы гулялі ў карты, вялі нетаропкія размовы. Не абыходзілася, вядома, у свята і без гарэлкі і закускі, а таксама гульні ў “біткі”.

Ужо толькі дзесьці ў 1964 годзе ў вёску правялі стацыянарнае электрычнае святло, і кінаперасоўка стала працаваць не ад маленькага генератара, які прыводзіў у рух бензінавы рухавічок, а ад электраразеткі. Трэба адзначыць, што электрычнасць была ў вёсцы і ў 50-я гады — у пасёлку торфапрадпрыемства былі ўстаноўлены генератары з дызельнымі  рухавікамі, давалі святло, але магутнасці ў іх не хапала, і лямпачкі іншым разам гарэлі вельмі слаба.

Для таго, каб паглядзець кіно, патрабаваліся, зразумела, грошы. Дзеці часта выпрошвалі ў мацярок курынае яйка ці сала — у лаўцы іх мянялі на капейкі — і глядзелі кіно. Прасцей было восенню: у вёсцы працаваў грыбапрыёмны пункт. Прымалі ўсе віды грыбоў, за выключэннем шкодных, варылі іх у катлах, некаторыя засольвалі ў бочках, бочкі перапраўлялі затым у горад. Вось тут ужо дзетвары быў прастор — усё зносілася з лесу і здавалася на пераапрацоўку. Асабліва можна было зарабіць на здачы апенак, якіх у гэтых мясцінах было незлічона.

А колькі чарніц і брусніц за лета і восень зносілі на грыбаварачны пункт! Займаліся гэтым цэлымі сем’ямі і зараблялі за сезон добрыя грошы. Акрамя грыбоў і ягад, на пункце прымалі кару крушыны, вербалозніка, карэнне калгану, венікі з бярозавых галінак.

А ўжо калі вёску наведвалі габрэі-балаголы, якія збіралі рыззё, жалезіны, макулатуру і іншае, мацеркі — беражыцеся: усе “кубкі”, дзе нясуцца куры, дзетварой будуць спустошаны, усё будзе здадзена балаголам. Замест яек уся вёска свісцела-вішчала ад пішчалак з надуўнымі гумавымі шарыкамі. Жанкі ў асноўным мянялі ў балагулаў рыззё на катушкі шпалераў, хусткі, накрыўкі для слоікаў, ніткі для вышывання, іголкі для шыцця і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы.

Хоць гэта і забаранялася, але, відавочна, як і ў любой іншай вёсцы, гатавалі і ў нашай самаробную гарэлку: за грошы ад калгаснай працы ці за пенсію крыху болей за 20 рублёў накупляешся хіба ў манапольцы? Гатаваць гарэлку — было цэлае майстэрства. Рабілася гэта  не на хуткую руку з цукру, як цяпер, а па ўсіх правілах, вытрымліваючы ўсе неабходныя перыяды. Таму і прадукт атрымліваўся якасны. Гарэлка была моцнай, празрыстай, духмянай, ад яе ніколі не балела галава. Ужывалася, зразумела, толькі па святах. Таксама выраблялі розныя наліўкі, віны.

Час цячэ — жыццё ў вёсцы мяняецца. Да сямідзесятых гадоў да горада было не дабрацца. Вясной, восенню, калі лілі дажджы, так разбівалі коламі праезджую частку, што ні праехаць ні прайсці было як па дарозе, так і па вуліцы. Для таго, каб як-небудзь аўтамабіль мог даехаць да бруку, дзяжурыў гусенічны трактар. Было так разбіта, што толькі ён мог выцягнуць аўтамабіль, скажам, “хуткую дапамогу” з багны. А то, бывала, хворага ці рожаніцу аж да Вішнёўкі везлі на гусенічным трактары.

Вялізнае непраходнае балота было каля пасёлка Рэдкі Рог, калі ісці да яго з нашай вёскі. Даводзілася абыходзіць па лесе, па купінах, каб не набраць у чобаты вады. На вуліцы былі такія вялізныя ямы, што нават “Беларусы” не маглі прайсці, пераварочваліся на бок у гразь, і затым выцягвалі іх гусенічнымі трактарамі. Каб як-небудзь прывесці дарогі ў належны стан, экскаватары капалі канавы, каб збегла вада, потым бульдозерамі рабілі насыпы, трамбавалі пясок, рабілі падсыпку гравіем, раўнялі, грэйдзіравалі — пракладвалі дарогу да бабруйска. А ў жніўні 1979 года зрабілі асфальтавае пакрыццё ад Брожы да Вішнёўкі. Праз гадоў з пятнаццаць — ад Брожы да Рэдкага Рога. Засталася толькі невялікая частка дарогі, гравійкі, але гэта не перашкаджала маршрутным аўтобусам МАЗ штодзённа ад Ворсіч ездзіць да Бабруйска, а тры разы на тыдні забіраць пасажыраў  і з вёскі Макаравічы, якая знаходзіцца ў 3-4 кіламетрах за нашай вёскай.

Дарэчы, наша вёска з’яўляецца самай паўднёвай вёскай Бабруйскага раёна. 

Успаміны Мікалая Мікіткі,

старэйшыны в. Орсічы.

Последние новости

Общество

«Белпочта» временно изменит условия приема внутренней ускоренной почты

7 мая 2024
Читать новость
80-летие освобождения Беларуси

По маршруту памяти. Молодежный автомотопробег прошел по знаковым местам Бобруйского района

7 мая 2024
Читать новость
Происшествия и безопасность

13 пьяных водителей и 32 бесправника задержаны за выходные в Могилевской области

7 мая 2024
Читать новость
80-летие освобождения Беларуси

Единый урок, посвященный Дню Победы, пройдет во всех школах Беларуси 7 и 8 мая

7 мая 2024
Читать новость
Актуально

Лукашенко 8-9 мая совершит рабочий визит в Российскую Федерацию

7 мая 2024
Читать новость
Актуально

Делегаты ВНС проводят беседы в трудовых коллективах: с работниками ОАО «Агрокомбинат Бобруйский» встретился глава района Александр Суходольский

7 мая 2024
Читать новость
Общество

Вместе во имя гуманности: Красный Крест проводит тематический месячник

7 мая 2024
Читать новость
Актуально

Лукашенко: деятельность работников радио, телевидения и связи служит проводником объективных знаний

7 мая 2024
Читать новость
80-летие освобождения Беларуси

В преддверии Дня Победы социальные работники проводят акцию «Чистый дом»

7 мая 2024
Читать новость
80-летие освобождения Беларуси

9 мая на мемориальном комплексе «Курган Славы» пройдет районный праздник, посвященный Дню Победы

7 мая 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем

Культура

Дирекция фестиваля «Славянский базар в Витебске» обнародовала программу форума искусств – 2024

1 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

В Беларуси изменились правила постановки авто на учет и снятия с него

27 апреля 2024
Стрелка вверх
Калейдоскоп

Что изменится в Беларуси с 1 мая 2024 года: выплаты на детей, рост пенсий, большие выходные и льготный проезд в электричках

29 апреля 2024
Стрелка вверх
Спорт

Победа школьников Бобруйского района в соревнованиях по летнему многоборью

2 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

У Бабруйскім раёне прайшоў кірмаш прафесій

26 апреля 2024
Стрелка вверх
Культура

В районном Центре культуры прошли конкурсы чтецов и военно-патриотической песни

29 апреля 2024
Стрелка вверх
Актуально

У раёне адзначылі Першамай

1 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Трудовые коллективы Бобруйского района смотрят трансляцию работы ВНС

24 апреля 2024
Стрелка вверх