У ААТ “Стасеўка” нарыхтоўваюць сянаж
У ААТ «Стасеўка” нарыхтоўваюць сянаж, робяць гэта па новай тэхналогіі, з заварочваннем у стрэч-плёнку.
— Корм абыходзіцца нятанна, адна плёнка каштуе немалых грошай, але ж якасць на выхадзе, як паказаў мінулы год, таго вартая, — дзеліцца кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Трафімаў. — Такім спосабам з двух укосаў злакавых і бабовых траў плануем пакласці на зіму 800 тон сенажу, астатні — у траншэю. З улікам паўтарагадзічнай нормы, яго для нашага пагалоўя патрабуецца 1 600 тон, таму маемся касіць усё, што будзе. Плюс да гэтага будзем старацца нарыхтаваць сена з лугавых угоддзяў у межах 180 тон, 2 800 тон сіласу з кукурузы. Нарыхтаваных на гэтую зімоўку 2 500 тон сіласу з улікам марознай зімы і зацяжной вясны (выпас пачалі 7 мая замест 5 красавіка ў папярэднім годзе) некалькі не хапіла — давялося набываць у іншых.
Што да сёлетняй корманарыхтоўкі, то касьбой травы — сумясі з канюшыны і фестулоліума — у “Стасеўцы” займаліся ў суботу, у нядзелю — валкавалі, у панядзелак прыступілі да заварочвання ў рулоны. Складанасць корманарыхтоўкі для гаспадаркі, па словах дырэктара, — у недахопе тэхнікі і адказных механізатараў. Прэс-падборшчык ПРП-160-1К разам з механізатарам Кірылам Дайнэкам “пазычылі” на час уборкі травастою ў ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”. На трактары з граблямі працуе механізатар Ігар Кулёўскі — работнік індывідуальнага прадпрымальніка з Бабруйска.
— Выйсце з сітуацыі знаходзім, адно б трава добрай была, — кажа кіраўнік Трафімаў.
Рулоны цягам трох дзён у гаспадарцы плануюць з поля звезці: патрабуе тэхналогія. Неабходная тэхніка для гэтага прыбудзе. Свае ж механізатары тым часам заняты на сяўбе кукурузы, хімпраполцы і падкормцы азімых раслін і ярыны, ворыўных работах, на абслугоўванні жывёлагадоўлі.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.