Темы

Падзяка за працу

Падзяка за працу

Нагодай сустрэцца з Валянцінам Міхайлавічам Дубінчыкам — колішнім перадавым механізатарам колішняга саўгаса імя Леніна (цяпер ААТ “Саўгас Кісялевічы”) стаў 80-гадовы юбілей, які герой аповеду адзначыў у першы дзень кастрычніка. Праўда, наведаць яго мы паехалі не ў Баяры, дзе стаіць уласнаручна пабудаваны механізатарам дом, а ў вёску Васток, што паблізу аг. Цялуша. Пайшоў другі год, як Валянцін Міхайлавіч жыве там са старэйшым сынам Андрэем і нявесткай Наталляй, любуецца ўлоннем прыроды, атрымлівае асалоду ад цішыні і спакою. Месца новага жыхарства ветэрана працы заварожвае —дагледжаны домік стаіць як быццам бы пасярод лясной паляны.

Яго ж дом у Баярах, па словах субяседніка, прасторны, на 12 метраў у даўжыню. Спачатку пабудавалі шэсць на шэсць, пасля з гаспадыняй вырашылі — трэба пашырыць: сыны пажэняцца, пойдуць унукі, каб было ўсім месца. Цяпер для яго аднаго (жонка 6 год як памерла, у хуткім часе пасля заўчаснай смерці сярэдняга сына) дом занадта вялікі. Дый нявестцы было не наездзіцца. Амаль штотыдня яго наведвала, сумкі туды-сюды вазіла. Таму, калі дзеці прапанавалі пераехаць да іх, Валянцін Міхайлавіч не адмовіўся.

— Не ў Вішнёўку (дом-інтэрнат) усё ж. Туды я згаджуся паехаць хіба што загадчыкам (смяецца). А тут выгода — харчу, якога хочаш, не паспяваю прагаладацца, адзежу, усё што трэба купляюць, хачу — на лавачцы ў двары пасяджу, хачу — прайдуся ў адзін бок, у другі, пагаманіць ёсць з кім, унукі з праўнукамі прыязджаюць, — прыводзіць пажылы чалавек “жалезныя”, выкаваныя прыроджанай і жыццёвай мудрасцю довады.

Працоўнага стажу ў Валянціна Міхайлавіча 42 гады, і ўсе — у саўгасе імя Леніна. З роднай гаспадаркі пайшоў і на заслужаны адпачынак, там на працягу некаторага часу быў трактарыстам і пасля атрымання пенсіі. Пачалася ж калгасная дарога майго субяседніка з механізатарскіх курсаў у Бабруйску.

— Школа механізатараў на вул. Савецкай выдатная была, — згадвае ён. — Паступіў туды ў 1958 годзе. Усяго нас 1200 чалавек на механізатараў вучылася. Давалі абмундзіраванне, кармілі. Пяць груп, і маю ў тым ліку, рыхтавалі для адпраўкі на цаліну, у Казахстан, куды не ішла (не была пракладзена) нават чыгунка… Намучыліся там хлопцы страшнае дзела… Прабылі, хто колькі вытрымаў — два, тры, чатыры гады. Усе дамоў павярталіся, ніхто не застаўся.

Валянціну Міхайлавічу і яшчэ чац­вёра землякам, як ён кажа, пашчасціла: старшыня саўгаса Сакун папрасіў, каб мясцовых хлопцаў пакінулі для работы ў гаспадарцы, дзе патрабаваліся такія кадры.

У 1960 годзе малады трактарыст ажаніўся, вырашылі з жонкай пабудавацца ў Баярах. Герой аповеду з задавальненнем згадвае часы работы ў гаспадарцы.

— Саўгас быў прыбытковым, — кажа субяседнік. — Акрамя жывёлагадоўлі і раслінаводства, займаліся агародніцтвам. Функцыяваў крухмальны завод, куды звозілася бульба з пяці суседніх раёнаў і адкуль прадукцыю вагонамі везлі на Маскву. Працавалі на заводзе ў тры змены. Як пачнуць ад першага верасня — пачатку капання бульбы, дык спыняліся хіба што на месяц улетку, каб падрамантавацца.

З удзячнасцю згадвае субяседнік кіраўнікоў саўгаса — Пятра Паўлавіча Яфімчыка, Андрэя Андрэевіча Белавусава.

Сам ён быў заняты на розных відах работ — сяўбе, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы корму. Заробак атрымліваў нядрэнны, жонка таксама працавала, гаспадарку немалую трымалі: кароў, свіней, птушку, зямлю апрацоўвалі. Усё гэта давала магчымасць жыць нядрэнна, гадаваць траіх сыноў.

За сваю работу атрымаў нямала ўзнагарод, быў адзначаны, як ударнік-пяцігодак, падарункаў меў шмат, але ж і працаваць даводзілася цяжка, — разважае перадавік вытворчасці. — Праца механізатара і цяпер нялёгкая, а тады… Кандыцыянераў ніякіх не было. На бульбе, ворыве, асабліва веснавым, з трактара выйдзеш — не пазнаць, адны вочы свецяцца. У 60-70 гады нам, механізатарам, адпачынак быў два тыдні. Ды й таго не бачылі. За ўсё механізатарства калі быў 3 разы ў адпачынку, то добра. А так пойдзеш, дзень-два пабудзеш і — “выходзь, Міхайлавіч, справа неадкладная…”. Што будзеш рабіць — трэба выручаць, як паехаў, так і паехаў… Праўда, і прэмій не шкадавалі. Асабліва за закладку сенажу. Траншэю на 700 тон трэба было за 3 дні закласці. У 5 гадзін я падымаўся — у шэсць ужо працую, кашу, ці валкую — і ў яму. За тры дні закрыем — дзвесце рублёў на сённяшнія грошы прэміі атрымаем. Ураўнілаўкі не было, усё пісалася, хто як папрацаваў, столькі і атрымаў. У святы, дзень селяніна (калгасніка), які пазней прыдумалі, — і брытвы, і га­дзіннікі давалі.

Бліжэй да 90-х год перадавы механізатар прыняў удзел у абласным конкурсе аратых, дзе толькі на “Беларусах” спаборнічала чалавек 20. Заняў другое месца, і тое таму, што першае вырашылі даць адзінай удзельніцы-жанчыне. У саўгас ён тады прывёз новенькі трактар, на якім пасля ж і працаваў, ганаровую грамату і кварцавы гадзіннік. Праз год на раённым такім жа конкурсе заняў першае месца і атрымаў 950 рублёў. Калі пасля ез­дзілі на адпаведныя спаборніцтвы іншыя трактарысты, Валянціну Міхайлавічу як вопытнаму канкурсанту было што ім парэкамендаваць.

Размаўляючы з Валянцінам Дубінчыкам, не верылася, што перада мной чалавек, які размяняў дзявяты дзясятак. І выгляд, і арыентацыя ў гадах, падзеях, манера гаварыць і перасыпаная жартамі мова — усё супярэчыла прызнанню пражытых субяседнікам год. Каб не няўпэўненасць хады, колішні механізатар, здаецца, і цяпер быў бы здольны сесці за трактар і паспрачацца за найлепш праведзенае ворыва.

У дзень нараджэння і дзень пажылога чалавека да Валянціна Міхайлавіча Дубінчыка з лістом удзячнасці і падарункамі за шматгадовую плённую працу наведалася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Надзея Дудаль. Сабраліся на юбілей родныя, унукі з праўнукамі, якім стараецца дапамагчы, суседзі. І ўсе яны зычылі ветэрану працы галоўнага — здароўя і даўгалецця, якія ён спаўна заслужыў.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
На фота да матэрыялу — Валянцін Міхайлавіч Дубінчык і Надзея Дудаль.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем