Темы

Таленавіты і адданы справе педагог

Таленавіты і адданы справе педагог

Тамара Васільеўна Кандрацьева так настойліва адмаўлялася ад інтэрв’ю, што мне нават падумалася — шкадуе, што звязала жыццё з педагогікай. Але ж ніколечкі не так. Школа, урокі, дзеці: цікаўныя і не надта, выдатнікі і сераднякі, матываваныя бацькамі на вучобу і без апошняга — усё гэта яе жыццё, стыхія, кокан, у якім адчувае сябе абароненай і ўтульна, з чым не знаходзіць сілы разлучыцца, нягледзя­чы на тое, што адзначыла сёлета 70-гадовы юбілей.

Хоць пазнаёміліся з Тамарай Кандрацьевай толькі напярэдадні, яе імя для мяне, работніка рэдакцыі, на слыху даўно. Не па адным разе на год у “раёнцы” даводзілася паведамляць пра перамогі, дасягнутыя вучнямі педагога, на абласных і раённых алімпіядах, у творчых конкурсах, па выніках даследчай дзейнасці школьнікаў. Гэтак жа, як і пра яе асабістыя прафесійныя ўзнагароды, якіх у субяседніцы шмат, у тым ліку высокія дзяржаўныя.

Той, хто мае дачыненне да прафесіі, ведае, што за вялікімі і маленькімі поспехамі кожнага дзіцяці — штодзённая напружаная праца настаўніка, памножаная на яго прыроджаныя якасці, талент вылучыць галоўнае, данесці і замацаваць. Тамара Васільеўна перадае свае веды без насаджвання — праз любоў да справы, уменне гаварыць з дзецьмі, бачыць і чуць іх, праз уменне захапіць тым, чым жыве сама — любоўю да Радзімы, сваіх вытокаў, да роднай мовы. Яна ўпэўнена — калі настаўнік хоча, каб вучань добра вучыўся, трэба, каб і сам настаўнік доб­ра вучыў. А гэта значыць, што і самому педагогу патрэбна пастаянна павышаць свой прафесіянальны ўзровень, удасканальваць майстэрства. Асабіста яна заўжды да гэтага імкнулася.

На прафесійны выбар Тамары Васільеўны, як яна кажа, ніхто не ўплываў.

— Гэта, напэўна, на генным узроўні, — усміхаецца субяседніца. — Сярод маіх родных шмат педагогаў, ёсць дастаткова вядомыя. Адукаваным быў тата. Мала што не скончыў Горацкую сельгасакадэмію: быў адлічаны з установы як сын кулака, але ведаў на памяць шмат вершаў, чытаў іх спачатку нам, дзецям, пасля ўнукам. Прафесію педагога беларускай мовы абрала і мая дачка. Так што ў нас гэта, можна сказаць, сямейнае…

Першы настаўніцкі вопыт Тамара Васільеўна набыла на Быхаўшчыне, куды прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута. Далей былі 23 гады працы, насычанай і творчай, у Сычкаўскай школе. Яна дагэтуль захоўвае часопіс “Бярозка” за 1983 год з фотаздымкамі вучняў свайго першага выпуску ў гэтай установе — піянерскага атрада, які браў удзел у юнкораўскім прэс-клубе “Арбіта”. З захапленнем згадвае работу вучняў у мясцовым музеі, чые расповеды пра знакамітага земляка Дуніна-Марцінкевіча на беларускай мове надзвычай захаплялі наведвальнікаў…

Пасля закрыцця Сычкаўскай школы маёй суразмоўцы можна было пайсці на заслужаны адпачынак, але ж прага да працы не дала зрабіць гэтага. На працягу чатырох год Тамара Васільеўна настаўнічала ў Плёскай сярэдняй школе. І ўжо дванаццаць — у Міхалёўскім ВПК “Дз/сад-СШ”, цяпер — у якасці кіраўніка школьнага музея, дапамагае вучням засво­іць павышаны ўзровень вучэбнага прадмета. Рабіць гэта педагогу дазваляюць і глыбіня ведаў, і багаты прафесійны вопыт, і самаадукацыя — засваенне сучасных форм навучання.

Быць добрым настаўнікам, але недобрасумленным, няшчырым, абыякавым да людзей чалавекам — немагчыма, як немагчыма і адваротнае. Тамара Васільеўна і цяпер не стрымліваецца ад слёз, калі згадвае нялёгкія лёсы сваіх бацькоў. Маці — блакадніцы Ленінграда, якая засталася жывой толькі таму, што пасля чатырох год невыноснага голаду пайшла ў апалчэнне, дзе гарантаваліся 125 грамаў чорнага хлеба. Бацькі, інваліда Вялікай Айчыннай вайны 1-й групы, — актыўнага абаронцы Айчыны, для каго ўдзел у партызанскім руху (апісана ў кнізе “Памяць”. Шклоўскі раён) абярнуўся стратай зроку. Пранёсшы праз жыццё клопат пра родных, Тамара Васільеўна найвялікшай на зямлі каштоўнасцю лічыць мір і спакой.

І хоць тыя, да каго рвалася яе душа, куды, нягледзячы на занятасць і адлегласць, амаль штотыдня ездзіла, пайшлі з жыцця, мая субяседніца не перастае збірацца ў вёску Лешча, што на Шклоўшчыне (жыхароў амаль не засталося), каб пабываць на родных могілках, насыціцца водарам малой радзімы.

І зноўку — жыць, займацца тым, што наканавана богам, радавацца поспехам унучкі, якая падрастае, сваіх вучняў.

Якую ўзамен чакае падзяку? У адказ на гэтае пытанне настаўніца прыгадвае выпадак. Неяк з унучкай яна пайшла гуляць у гарадскі парк. Стоячы ў чарзе за марозівам, запыталася, ці надоўга адышоў прадавец. І раптам мужчына, які стаяў у чарзе перад ёй, не абарочваючыся, прамовіў: “Тамара Васільеўна, гэта Вы? Я пазнаў Вас па голасе”.

— Мы не бачыліся 30 год, — кажа субяседніца. — За гэты час цікаўны, адкрыты, здольны да вучобы школьнік стаў інтэлігентным чалавекам, годным грамадзянінам сваёй краіны. Для мяне яго словы былі настолькі кранальнымі… Такіх выпадкаў набярэцца нямала. Гэта, лічу, і ёсць найвялікшая падзяка за працу — тое, што акрыляе, дае жаданне слу­жыць справе як найлепш. А цяпер, на закаце прафесійнай дарогі, і пацвярджае правільнасць яе абрання.

Школа мяняецца, мяняюцца падыходы да навучання. Аднак нязменным было і будзе адно: вынік работы школы (навучанне і выхаванне юнага грамадзяніна) залежыць ад настаўніка, які дзіця суправа­джае. І добра калі такім настаўнікамім будзе такі ж таленавіты і адданы справе, як Тамара Васільеўна Кандрацьева.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Т.В. Кандрацьевай.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем