Темы

«Догляд, догляд і яшчэ раз догляд»

«Догляд, догляд  і яшчэ раз догляд»

Пра гэта амаль што ва ўнісон гавораць цялятніцы радзільнага аддзялення малочна-таварнай фермы №1 СВК “Гігант” Ларыса Камлёва і Таццяна Міхалёнак, калі размова заходзіць пра фактары поспехаў у іх прафесіі — высокую захаванасць маладняку, адпавядаючыя тэхналагічным прывагі цялятак да 3-месячнага ўзросту.

“За малымі цяляткамі хо­дзім, як за малымі дзецьмі”, — усміхаецца Таццяна Рыгораўна, увішна адпраўляючы ў загарадку з індывідуальным домікам, адкуль з цікаўнасцю выглядвае пыса маленькай жывёліны, сена. Ларыса Сямёнаўна тым часам па-звыкламу шпарка пасыпае праход апілкамі, ад чаго прыбудова хлява з хаткамі для цялятак напаўняецца прыемным дравесным пахам. Навядзенне парадку — заключны этап кожнага з наведванняў фермы жанчынамі. Гэта значыць, тройчы на дзень. А да гэтага колькі ўсяго даводзіцца перарабіць — дагледзець не толькі цялятак, але і рагуль у час і пасля ацёлу, раздаіць апошніх. Але ж пра ўсё па парадку.

Працоўны дзень Ларысы Сямёнаўны і Таццяны Рыгораўны, якія абслугоўваюць радзільнае аддзяленне фермы хутка 14 год, пачынаецца а палове на 5-ю. Дабіраюцца да месца працы жанчыны на веласіпедах. На запытанне, ці няма страху ў такую рань — у асенне-зімовы перыяд зусім цемень — зноў жа амаль ра­зам адказваюць “не”: звыкліся і няўтульнасці не адчуваюць. У памяшканні першай справай робяць пільны абход. Кароў — на прадмет ацёлу і выяўлення хвароб, якія могуць пасля гэтага развіцца, “пра­шчупвання” індывідуальна кожнага цялятка. Нованаро­джанае выпойваюць малозівам. Прычым робяць гэта, у адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі, пасродкам спецыяльнага зонда. І тут, удакладняюць жанчыны, таксама свае правілы.

— Малозіва ад першацёлкі для гэтых мэт па сваіх якасцях не падыходзіць, — заўважае Ларыса Сямёнаўна. — На гэты выпадак выкарыстоўваем замарожанае ад кароў 2-3 і наступных ацёлаў, папярэдне разагрэўшы яго да адпаведнай тэмпературы ў “вадзяной лазні” (і халадзільная камера для захавання малозіва, і прыстасаванне для яго разагрэву знаходзяцца непасрэдна ў хляве, у спецыяльна адведзеным памяшканні).

Замерваюць на шчыль­насць і ўсё малозіва. Тое, што не адпавядае норме, таксама не ўключаюць у выпойванне. У асноўным цялятам да 10 дзён прапаноўваюць малако непасрэдна ад маці, што лічыцца істотнай умовай будучага здароўя жывёлы.

Ад рагулі цяля адымаюць адразу, таму клопатаў каля нованароджаных і першых дзён жыцця дастаткова. Выпойваюць такіх жывёлін пасродкам соскі папярэдне падагрэтым малаком. Цялятак, у якіх здараюцца праблемы са страўнікам, ад малака на некаторы час адлучаюць. Замест яго прапаноўваюць травяны адвар, які гатуюць тут жа, пры ферме, з самастойна нарыхтаванай травы.

— Збіраць апошнюю нас не абавязваюць, робім гэта па ўласнай ініцыятыве, — гаворыць Таццяна Рыгораўна, дэманструючы бідон для заварвання. — Самі зацікаўлены ў тым, каб жывёла хутчэй вылеч­валася: і клопатаў ля яе меней, і ў рост шпарчэй пой­дзе. Так што ўлетку паміж кармленнямі садзімся з Ларысай Сямёнаўнай у яе аўто і айда па зверабой, конскае шчаўе ды іншую неабходную расліннасць.

У кармушках цялят — сена, камбікорм. Рацыёны для кожнага ўзросту, па словах жанчын, свае, збалансаваныя з улікам фізіялагічных асаблівасцей жывёлы. У рацыёне іх гадаванцаў ёсць нават мюслі, якія вырабляюць на ўласным камбікормавым заводзе. Іх цялятам прапаноўваюць ва ўзросце 4 дні і на працягу 35 дзён.

Таццяна Рыгораўна Міхалёнак

Другі прыход на ферму — а палове на 12-ю, трэцяе кармленне пачынаюць у 17.30.

І калі заступаюць на працоўнае месца жанчыны строга па вызначаным графіку, то пакіда­юць яго нярэдка з адхіленнем: застаюцца, каб прыняць нованароджанае цялятка, выра­шыць тое ці іншае вытворчае пытанне.

— Аддзяленне ў нас ра­дзільнае, дакладны час ацёлу кароў не заплануеш, — усміхаецца Ларыса Сямёнаўна, — таму да неабходнасці застацца, калі трэба, ставімся з разуменнем.

Лічба жывёлы, за якой ажыццяўляюць цялятніцы догляд, пераменная. На час нашага наведвання было 32 цяляты і 12 рагуль на раздойванні. Заробак, па словах жанчын, залежыць ад прываг маладняку, колькасці расцёлаў, атрыманага і прададзенага малака.

Ларыса Сямёнаўна Камлёва

На запытанне, ці задаволены цялятніцы заробкам, тыя, смеючыся, заўважаюць, што грошай многа не бывае, але галоўнае для іх — каб ўсе былі здаровымі і на рабоце ладзілася.

Зрэшты, працаваць у ра­дзільным аддзяленні МТФ №1 жанчыны пачалі ў адзін год. Таццяна Рыгораўна да гэтага была даяркай тут жа на ферме, Ларыса Сямёнаўна — поварам з 20-гадовым стажам на Краснапольшчыне, адкуль родам і дзе застацца не да­зволіла чарнобыльская бяда. Да новых абавязкаў жанчыны хутка прызвычаіліся, работу, хоць і нялёгкую, палюбілі, ды так, так што памяняць ферму на сталоўку (такія прапановы былі) Ларыса Камлёва не захацела. У Таццяны таксама быў вопыт жыцця ў другой мясцовасці. Але Бабруйск вяс­коўцу-мужу не прыглянуўся — не давалі спакою сельскія краявіды. Гэтая акалічнасць і складанасці з вырашэннем жыллёвага пытання паўплывалі на прыняцце рашэння пераехаць у вёску. Так Міхалёнкі апынуліся ў СВК “Гігант”, у прапанавым гаспадаркай доме. Калгаснае жыллё з усімі дабротамі вылучыла сельгаспрадпрыемства і сям’і Камлё­вых.

Па словах цялятніц, ладзіцца тая праца, якая прыносіць маральнае і матэрыяльнае задавальненне. Яны сваю лю­бяць — і гэтым усё сказана.

Але перш за ўсё на добрасумленную працу цялятніц указваюць вынікі іх работы, — адзначае загадчыца МТФ Таццяна Васільеўна Кушнярова, — сярэднемесячныя прывагі цялятак, за якімі жанчыны даглядаюць, на ўзроўні тэхналагічных.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
На фота да матэрыялу — Загадчыца МТФ Таццяна Васільеўна Кушнярова.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет.

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем