Варатынцы сеюць кукурузу
Не першы тыдзень вядзецца пасяўная ў філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”. У гаспадарцы своечасова пасеялі раннюю ярыну, на гэтую пару ўжо і 208 гектараў адналетніх траў на зялёны корм жывёле. Апошнімі збіраюцца засеяць яшчэ прыкладна 100-120 гектараў.
Цяпер жа ўся ўвага скіравана на сяўбу кукурузы, пад якую тут адвялі адну тысячу гектараў. На зерне — а гэта 150 га — культуру ўжо пасеялі, цяпер займаюцца сяўбой на зялёную масу. Насеннем, па словах дырэктара Уладзіміра Давыдзенкі, гаспадарка цалкам забяспечана, амаль усё яно — замежнай вытворчасці, высокіх пасяўных якасцяў. Зерне кукурузы ў філіяле «Варатынь» выкарыстоўваюць на мэты жывёлагадоўлі. Звычайна некаторую частку заплюшчваюць, астатняе дасушваюць, каб потым гатаваць з яго камбікорм на ўласным заводзе.
Немалую падтрымку, як тут адзначылі, сельгасарганізацыі аказваюць прамыслоўцы. Вось і да сёлетняй сяўбы галаўное прадпрыемства — ААТ «БЗТДіА», дапамагло з набыццём насення, мінеральных угнаенняў, запчастак для сельгастэхнікі.
— Усё б добра, каб не адсутнасць дажджоў, — разважае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Аляксандравіч Парахневіч, пакуль едзем на кукурузнае поле. — З надзеяй чакаем яго штодня, але пакуль дарэмна.
На недахоп вільгаці ўказвалі і клубы пылу, што суправаджалі пасяўную тэхніку, — трактар «МТЗ-1221» у агрэгаце з замежнай сеялкай дакладнага высеву «Квернеланд оптыма», якімі запраўляў вопытны механізатар Раман Аляксандравіч Цэдранкоў.
Задача палявода Канстанціна Мікалаевіча Фіневіча падчас сяўбы — загружаць кукурузнае насенне з прычэпа трактара ў адпаведныя адсекі на сеялцы. На падвозцы насення ў дзень нашага прыезду быў заняты Уладзімір Віктаравіч Вараб’ёў.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.