Темы

Улюблёны у сваю справу

Улюблёны у сваю справу

Напэўна, знойдуцца тыя, хто словы жывёлавода МТФ «Іванаўка» ААТ «Міхалёўская Ніва» Леаніда Віктаравіча Вераса пра ягоную ўлюбёнасць у прафесію прымуць за жарт ці за кпіны. Недасведчанаму ў сельскім жыцці чалавеку могуць падацца як мінімум дзіўнымі разважанні пра тое, што знаходжанне на ферме з 5 раніцы да 17 вечара, з непрацяглымі адлучкамі дамоў на перакус і перадых, не толькі не раздражняюць ці стамляюць, але, наадварот, прыносяць радасць і задавальненне. У дачыненні Леаніда Віктаравіча ўсё якраз менавіта так. Пра гэта мой суразмоўца не стамляецца гаварыць і сам, пра гэта сведчаць вынікі яго працы. За снежань мінулага года сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы ў цэлым па гаспадарцы склалі 577 г (+ 372 г да ўзроўню папярэдняга года), у Вераса — 655 г, з нарастаючым за год — 675 г.

З фермай і клопатамі пра жывёлу звязана ўсё працоўнае жыццё Леаніда Віктаравіча. На яго досвітку, на працягу 10 год, разам з жонкай Валянцінай Рыгораўнай яны працавалі кожны на сваёй групе рагуль у адной з гаспадарак Гомельшчыны, адкуль мой субяседнік родам. Пасля таго як сям’я, у сувязі з абставінамі, пераехала ў Бабруйскі раён — на жончыну малую радзіму, Леанід Верас — зноў жа разам з другой палавінкай, прыйшоў працаваць у мясцовую сельгас­­арганізацыю.

— Чацвёрты дзясятак разам жывем і столькі ж поруч працуем, большую частку нават у адным памяшканні — няма як і адпачыць адно ад аднаго, — з жартам заўважае жывёлавод.
У сям’і, дзе бацькі заняты на ферме, з дзяцінства да іх справы, як гэта нярэдка бывае, прызвычайваецца і падрастаючае пакаленне. Таму не дзіўна, што з цягам часу да сямейнага падраду Верасаў далучылася і дачка Ірына —працуе ў гаспадарцы аператарам машыннага даення.

Як вопытны і адказны работнік (прыбегчы, укінуць корму і дамоў — не пра яго) і назіральны па жыцці чалавек, Леанід Верас схільны да аналізу і любіць паразважаць пра вытворчасць. Тым больш, што мае на гэта права: у пачатку 90-х гадоў, працуючы аператарам машыннага даення, ён у ліку нямногіх быў “пяцітысячнікам”. А таму апраўдана цяпер недаўмее, чаму да гэтай планкі ізноўку прыходзіцца імкнуцца? Мінулы год Леанід Віктаравіч не бярэ ў разлік. Недахоп травянога корму, якога гаспадарка не дабрала з-за анамальных сухавеяў і спякоты, даў пра сябе знаць і добра, што скончыўся. Сёлета, не без гордасці заўважае жывёлавод, корму ў гаспадарцы ў дастатку. На кармавым стале рознага ўзросту цялушак, якіх ён даглядае — кормасумясь, сена, мука. У цэлым паважаючы прагрэс, мой суразмоўца ўсё ж застаецца пры меркаванні, што рагулям не дастае кантакту з чалавекам — клопату і цеплыні, якімі раней на працягу дня адорвала карову даярка, звяртаючыся да кожнай жывёліны выключна па мянушцы. Але гэта, заўважае, асабіста яго меркаванні — рэаліі ж часу дыктуюць іншы падыход.

За размовай пра абавязкі жывёлавода Леанід Віктаравіч з гатоўнасцю дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі, якімі авалодаў за гады працы:

— Корму нічога калі і меней будзе, а вось дысцыпліна ў адносінах яго падачы жывёле павінна быць надзвычай строгай. Пачаў карміць у шэсць раніцы, значыцца, і штодня кармі менавіта ў шэсць, а не раней ці пазней. Да мукі і канцэнтратаў таксама падыход строгі. Даў сёння — дай і заўтра, і на наступны дзень, і штодня. А вось калі на працягу аднаго тыдня даваць, скажам, па пяць мяхоў на дзень, а ў наступны тыдзень — не даць увогуле, скаціна атрымае стрэс. Ведаю з вопыту — дзень пакармі рагулю няправільна — наступныя колькі дзён малака не чакай. Зноў жа, залішні корм таксама непатрэбны. Будзе ляжаць сенажу замнога — будуць толькі варушыць яго, будзе меней — паядаюць актыўна.

А ўвогуле — рэзюмуе Леанід Верас — трэба любіць скаціну, любіць справу, якой займаешся.

— Я, сказаць па праўдзе, не магу без сваёй работы, — акуратна падбіваючы кормасумясь, працягвае размову жывёлавод. — Жонка смяецца: хутка паставіш у хляве раскладушку і начаваць тут будзеш. З раніцы сам не паем — іх пакармлю (гладзіць жывёліну па пысе). Вада замерзне — дзень буду хадзіць ля паілак, пакуль не з’явіцца. Праўда, цяперашні цялятнік цёплы, праблем з вадою ў зіму не было.

Дзелячыся сваімі адносінамі да працы, спасылаючыся на невялікі заробак — ААТ “Міхалёўская Ніва” перажывае не лепшыя свае часы — мой суразмоўца заўважае, што не пакінуў бы галоднай жывёлу нават і тады, калі б сказалі, што за работу не заплацяць. З жартам ці ўсур’ёз? Мяркую — і тое, і другое.

Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем