Вызначаны імёны юных даследчыкаў
На пачатку мінулага года сярод устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі, быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс даследчых работ дзяцей “Я — даследчык”.
Асноўныя задачы конкурсу — выяўленне дзяцей дашкольнага ўзросту, якія праяўляюць даследчую актыўнасць і рэалізуюць яе ва ўласных творчых прадуктах, садзеянне развіццю даследчых уменняў і пазнаваўчых матываў дзяцей, падахвочванне іх да практычных спазнанняў навакольнага свету і прадукцыйнага ўзаемадзеяння з дарослымі і аднагодкамі.
Конкурс праводзіўся па чатырох намінацыях. На гэты час падведзены вынікі першага этапу конкурсу, і мы з задавальненнем публікуем імёны пераможцаў. У намінацыі “Дзіця і прырода” ім прызнаны Гурыновіч Іван, выхаванец Глушанскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” (выхавальнік Савасцей Н.Ц.); у намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь” — Лаўрэнцьева Даша з Цялушскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” (выхавальнік Вавула Р.М.); у намінацыі “Незвычайнае ў звычайным” — Паўленка Дамініка з Ленінскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” (выхавальнік Літвінка Н.С.); у намінацыі “Бюро знаходак” з найлепшага боку адзначана работа Картавай Крысціны з Хімоўскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” (выхавальнік Няхаева М.У.). Менавіта гэтыя дашкольнікі прадставяць наш раён у другім этапе рэспубліканскага конкурсу “Я — даследчык”, які пройдзе ўжо ў гэтым месяцы.
Па словах метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.А. Толкач, пр авядзенне ў раёне дадзенага конкурсу паказала, што ва ўсіх установах адукацыі створаны ўмовы для развіцця даследчых уменняў дзяцей, а таксама для прафесійнага ўдасканалення і росту педработнікаў, для выяўлення і распаўсюджвання вопыту работы па развіцці даследчых уменняў выхаванцаў.
Алена КАРПЕНКА.