Будзе догляд — будзе ўраджай
З надыходам веснавога надвор’я спраў у работнікаў сельскай гаспадаркі значна прыбавілася. Адначасова з палявымі работамі і сяўбой ярыны вядуцца мерапрыемствы па доглядзе саду: ачыстка яго ад абрэзаных, пашкоджаных за зіму галінак, пабелка ствалоў пладовых дрэўцаў, а ў хуткім часе прыдзецца брацца і за фунгіцыдную апрацоўку супраць шкоднікаў і хвароб.
“Патрэба ў пабелцы бясспрэчная, — адзначае намеснік начальніка райсельгасхарча па раслінаводстве Жана Жукоўская на падыходзе да занятых гэтай справай садаводаў СВК “Калгас імя Дзяржынскага. — Яна выконвае важную ахоўную функцыю — засцерагае ствол дрэўца ад сонечных абпальванняў”.
Дадзенай работай, як мы даведаліся, на працягу не аднаго дня займаецца паляводчая брыгада на чале з брыгадзірам Нінай Міхайлаўнай Хатульковай.
— Работа гэта нялёгкая, — уключаецца ў размову адна з жанчын, як аказалася — Ніна Рыгораўна Верас. — Да кожнага дрэўца трэба нахіліцца, кожнаму пакланіцца, а плошчы, як бачыце, немалыя. Але спадзяемся, што незнарок— увосень парадуе багаты ўраджай яблык. Тады абавязкова прыедзьце і сфатаграфуйце. І мы прыгажэй прыбярэмся.
Зрабіць гэта абяцаю. Азіраюся навокал, углядаюся ўдалечыню, ацэньваю — колькі дзён яшчэ прыйдзецца жанчынам, сярод якіх — і немаладыя, схіляцца над дрэўцамі, з любоўю “кланяцца” ім, каб не пакінуць без увагі ніводную яблыньку. На памяць прыходзяць радкі з верша: “… Я знаю — саду цвесть, Когда такие люди в стране советской есть”. А яшчэ падумалася, што, як бы далёка ні зайшла механізацыя сельскай гаспадаркі, без людзей, іх працавітых рук, без іх сумлення, спагады, калі хочаце, без сялянскай цягі да зямлі не абыйсціся.
Алена КАРПЕНКА.
Фота аўтара.