Жніво на Бабруйшчыне набірае тэмпы

Адно за адным, ва ўборку хлябоў уключыліся ўсе сельгаспрадпрыемствы Бабруйшчыны. Задача ў гэтую кампанію перад аграрнікамі стаіць надзвычай адказная — збажыну і зернебабовыя ўбраць з плошчы 15 620 гектараў, намалаціць як мага болей і галоўнае — якаснага зерня.
Па традыцыі жніво пачалі з уборкі азімага ячменю — пад гэтую расліну ў раёне адведзена 2162 га. На раніцу сённяшняга дня, як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, убрана 15% плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць ячменнай нівы — 40 цэнтнераў з гектара, у лідарах па ўраджайнасці — ААТ “Неўскі-Агра” з паказчыкам 50 ц/га.
Адначасова ў гаспадарках працягваецца нарыхтоўка травянога корму для патрэб жывёлагадоўлі. Сенажу ўжо закладзена 70 000 тон або 53% ад плану, сена — 1800 тон ці 18% ад неабходнага. На ўмоўную галаву жывёлы маецца 11,4 ц к.адз., што на 1,1 ц к. адз. болей, чым у мінулым годзе на гэтую пару.
— Наш арыенцір — нарыхтаваць на ўмоўную галаву жывёлы 32 ц к. адз. Упэўнены, што з дадзенай задачай паспяхова справімся — сенажаці сёлета ў асноўным ураджайныя, людзі працуюць зладжана, тэхніка не падводзіць, — падзяліўся меркаваннямі галоўны аграном раёна, начальнік вытворча-эканамічнага аддзела райсельгасхарчу Віктар Садоўскі.
Алена КАРПЕНКА.