Палі ажылі. У “Неўскім-Агра” вядзецца ўвесь комплекс палявых работ

Ранняя вясна не застала сельгаспрадпрыемства знянацку — пры першай жа магчымасці сельскагаспадарчая тэхніка выйшла ў палі. І цяпер з упэўненасцю можна сказаць, што ў гаспадарцы вядзецца ўвесь комплекс веснавых палявых работ: уносяцца ў глебу арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, ажыццяўляецца перадпасяўная падрыхтоўка палёў, вядзецца сяўба ранняй ярыны.
Апошнім непадалёк в. Юр’ева сёння займаецца аксакал пасяўной справы Леанід Чэрнік. На пад’ездзе да Кавалёў Раман Радзівонаў уносіў у глебу мінеральныя ўгнаенні. Побач з аграгарадком у накірунку Ламбава Аляксандр Алісеенка праводзіць культывацыю палёў.



У накірунку Навікоў — механізаваны атрад у складзе Сяргея Кафідава, Міхаіла Якаўлева і Сяргея Лысенка заняты на пагрузцы і ўнясенні арганікі ў глебу. Валерый Вавула з Юрыем Арцёменка пракладваюць веснавое ворыва.


На сёння ў ААТ “Неўскі-Агра” глеба падрыхтавана на плошчы 350 га (45% ад плану), пасеяна 190 га ранняй збажыны ці 25% ад плану.

Алена КАРПЕНКА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.