У Бабруйскім раёне ўшанавалі 100-гадовую жыхарку

Стогадовы юбілей адзначыла сёння жыхарка вёскі Бабіна-2 Варвара Васільеўна Крычко. Шаноўная дата шаноўнага ўзросту чалавека не засталася ў раёне незаўважанай — павіншаваць імянінніцу ў дом да яе з кветкамі і падарункамі прыехалі старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Крыцкі, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Старавойтава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Варанко, лідар раённай ветэранскай арганізацыі Яўгенія Доўнар, прадстаўнікі мясцовай улады.
Дзякуючы Варвары Васільеўне за неацэнны ўклад у развіццё раёна (усё працоўнае жыццё жанчыны, маці чацвёра дзяцей, было звязана з сельскай гаспадаркай, 15 год перад выхадам на заслужаны адпачынак яна была за цялятніцу), Міхаіл Крыцкі пажадаў юбілярцы добрага здароўя, бадзёрага настрою, цеплыні і клопату родных.






Апошнім, як аказалася, Варвара Васільеўна не абдзелена. Штодзённы догляд за матуляй ажыццяўляе сын Анатоль. “Маці цяжка перамяшчацца, а вось з памяццю ўсё добра і вельмі любіць заспяваць”, — усміхаючыся, кажа мужчына (сама ж імянінніца бясконца дзякавала за праяўленую ўвагу). Падтрымаць і парадаваць бабулю ў дзень яе свята прыехалі іншыя родныя, унукі.

Далучыліся да віншаванняў і прадстаўнікі Бабруйскага РАУС . Разам з пажаданнямі здароўя ўручылі доўгажыхарцы новы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.


Алена КАРПЕНКА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.