Калектыву МТФ “Плёсы” ўручылі падарункі за праяўленую ініцыятыву

Калектыў малочна-таварнай фермы “Плёсы” ААТ “Міхалёўская Ніва” заняў 1-е месца сярод калектываў жывёлагадоўчых аб’ектаў па выніках удзелу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае святочнае афармленне навагодніх ёлак і прылягаючай да іх тэрыторый.

З гэтай нагоды ферму сёння наведаў першы намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Каўранін.
Аляксандр Мікалаевіч падзякаваў перадавому калектыву за працу і праяўленую навагоднюю ініцыятыву, павіншаваў усіх з надыходзячымі святамі, пажадаў здароўя, дабрабыту, працоўных поспехаў і ўручыў загадчыцы МТФ Вользе Шкрадзюк сертыфікат на набыццё цялежкі з вагамі для перавозкі і адначасовага ўзважвання цялятак, што значна аблегчыць працу жывёлаводаў.

Падзяку за актыўны ўдзел і перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе ініцыятыўным работнікам выказала і дырэкцыя сельгаспрадпрыемства — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Міхалёўская Ніва” Аляксандр Фамянок парадаваў калектыў “Плёсаў” салодкім падарункам.
“Сёлета мы згуртавана, з вялікім энтузіязмам усталёўвалі навагоднія ялінкі, упрыгожвалі іх цацкамі і мішурой, навешвалі святочныя гірлянды ўнутры і звонку вытворчых памяшканняў. Атрымалася, як бачыце, цудоўна”, — расказала галоўны заатэхнік сельгасарганізацыі Ніна Крычко.
— Ад святочнага ўбрання аб’ектаў святочны настрой і ў людзей. А дзе добры настрой, там і добрая праца, — заўважыў Аляксандр Каўранін.





Алена КАРПЕНКА.
Фота аўтара.