Моцная дзяржава павінна быць інклюзіўнай

На базе Бабруйскага сацыяльнага пансіяната “Каменка” прайшоў рэспубліканскі форум. Удзел у мерапрыемстве прыняла Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Наталія Паўлючэнка.
Рэспубліканскі форум “Сацыяльнае абслугоўванне — інструмент сацыяльнай інклюзіі”, прымеркаваны да Дня інвалідаў, прайшоў сёння на базе Бабруйскага сацыяльнага пансіяната “Каменка”.
Пачаўся форум з прэзентацыі дзейнасці пансіяната “Каменка”. Пасля азнаямлення з гісторыяй сацыяльнай установы ад пачатку стварэння да цяперашніх дзён, пра што распавяла дырэктар Галіна Саўчанка, удзельнікі форуму зрабілі экскурс па збудаванні: наведалі жылыя пакоі, разнастайныя майстэрні для працатэрапіі, памяшканні для баўлення вольнага часу, паназіралі за ўзаемадзеяннем работнікаў і тых, на каго накіраваны сацыяльныя паслугі. “Наша задача — зрабіць усё магчымае, каб людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, атрымалі яе якасна, каб іх жыццё ў сацыяльнай установе па-максімуме было набліжана да звыклага хатняга”, — адзначыла Галіна Саўчанка. Наталія Паўлючэнка, характарызуючы дзейнасць установы, заўважыла, што, наладжаная тут работа з жыльцамі, якраз і кажа пра інклюзію.
Падчас фарсайт-сесіі “Сацыяльнае абслугоўванне: прыярытэты і кропкі росту” былі абмеркаваны такія актуальныя тэмы, як “Сацыяльнае абслугоўванне — інструмент сацыяльнай інклюзіі. Практыка, перспектывы развіцця” (дакладчык: намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка), “Дзяржаўны сацыяльны заказ як механізм фарміравання сацыяльных паслуг” (дакладчык: намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў). Лабарант кафедры медыцынскай рэабілітацыі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Антон Шмялёў правёў майстар-клас на тэму “Інклюзіўны этыкет” — расказаў і на ўласным прыкладзе прадэманстраваў, як правільна аказаць дапамогу людзям са страчаным зрокам, каб ні фізічна, ні маральна ім не нашкодзіць. Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка змястоўна і цікава распавяла пра інавацыйныя формы сацыяльнай работы, уключаючы прымяненне штучнага інтэлекту, для павышэння якасці жыцця інвалідаў і пажылых грамадзян”.
Там жа адбылося падвядзенне вынікаў фарсайт-сесіі — вызначаны перспектыўныя задачы і накірункі ў вобласці сацыяльнага абслугоўвання. Нягледзячы на вялікую работу ў накірунку развіцця сацыяльных паслуг пажылым і інвалідам, накіраваную на іх уключэнне ў грамадскае жыццё на роўных з іншымі, ёсць і пытанні, якія патрабуюць удасканалення. Сярод іх, па словах Наталіі Паўлючэнка, прыцягненне ў сферу як мага болей моладзі, павелічэнне прэстыжу прафесіі сацыяльнага работніка. Над усімі імі вядзецца актыўная работа.
Асобным пунктам праграмы форуму стала ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Кветкі Перамогі”. Конкурс праводзіцца сярод устаноў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, і сёлета быў прысвечаны Году добраўпарадкавання.




































Алена КАРПЕНКА
Фота Віктара ШЭЙКІНА