Ніна Крычко: «Сельская гаспадарка – аплот краіны»

Пакаленне цяперашніх бабуль і дзядуль часцей за ўсё не дбала пра месца працы — размеркаванне пасля вучобы для абсалютнай большасці колішніх выпускнікоў сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў вызначала іх далейшае месца работы і жыцця. Працаваць там, куды цябе накіравалі, звязаць свой лёс з населеным пунктам, дзе размяшчалася арганізацыя ці прадпрыемства, было натуральным. Тым болей што жыццё ішло сваёй чаргой.
Маладыя спецыялісты на новым месцы абрасталі сацыяльнымі сувязямі, станавіліся нявестамі і жаніхамі, браліся шлюбам, заводзілі дзяцей, будаваліся ці атрымлівалі жыллё ад наймальніка. І населены пункт, куды яны некалі прыехалі, для іх сыноў і дочак ужо станавіўся малой радзімай і самым цудоўным месцам на зямлі.
Менавіта такі жыццёвы шлях і маёй сябяседніцы — галоўнага заатэхніка ААТ “Міхалёўская Ніва”, перадавіка вытворчасці раёна Ніны Сяргееўны Крычко.
У Бабруйскі раён, тагачасны калгас імя Дзяржынскага, ураджэнка Гомельшчыны і выпускніца Рэчыцкага сельгастэхнікума прыехала болей за 45 гадоў таму. Маладога спецыяліста прызначылі другім заатэхнікам-селекцыянерам. Цікаўная да вучобы і дысцыплінаваная, Ніна хутка авалодала працоўнымі абавязкамі. Тым болей што і настаўнік быў здатны — галоўны заатэхнік Леанід Пятровіч Калінаў не стамляўся расказваць і паказваць, што трэба рабіць, каб вынік атрымліваўся станоўчым. Акрамя таго яна, як кажа, не саромелася слухаць парады рабочых — вопытных жывёлаводаў.
Пасля замужжа — спадарожнікам жыцця Ніны Сяргееўны стаў жыхар Плёсаў, які шмат гадоў адпрацаваў начальнікам заправачнай станцыі Тэхмантажа ў Бабруйску — маладая сям’я абаснавалася ў гэтым жа населеным пункце. Адно за адным на свет з’явіліся сын і дачка. У вылучаным калгасам доме зрабілі не адзін рамонт, добраўпарадкавалі жыллё і з часам набылі ва ўласнасць. Цяпер вясковы дом — месца сілы не толькі іх саміх, але дзяцей і ўнукаў, якія, жывучы ў горадзе, кожныя выходныя наведваюцца ў Плёсы.
Пасаду галоўнага заатэхніка, у якой засталася працаваць і пасля выхаду на заслужаны адпачынак, Ніне Сяргееўне даверылі яшчэ ў маладосці — у сярэдзіне 80-х. «Напрацаваны багаты вопыт, і вельмі хочацца перадаць яго чалавеку, па-сапраўднаму зацікаўленаму гэтай справай, — кажа субяседніца і дадае, што з гатоўнасцю дзеліцца слушнымі падарамі з маладым спецыялістам-заатэхнікам. — Маёй галоўнай задачай была і ёсць садзейнічаць нарошчванню аб’ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі. Справа надзвычай адказная, таму што з гэтага складваецца заробак усяго калектыву сельгаспрадпрыемства».
На асабістым кантролі Ніны Крычко выключна ўсе працэсы жывёлагадоўлі: кармленне, догляд скаціны, даенне кароў, узнаўленне статка, выкананне работнікамі працоўнага распарадку, тэхналагічных рэгламентаў. “Важным з’яўляецца ўсё і кожны працэс павінен быць адшліфаваны, бо на агульны вынік ўплывае работа кожнага ў калектыве”, — упэўнена спецыяліст.
Працоўны дзень Ніны Сяргееўны пачынаецца а палове на шостую, у гэты час яна ўжо на малочна-таварнай ферме Плёсы. Далей па загадзя складзенаму плану наведвае іншыя жывёлагадоўчыя аб’екты і найперш тыя, дзе маюцца праблемныя пытанні.
Вялікі працоўны стаж, ды пры тым на адным месцы, дазваляе Ніне Сяргееўне рабіць выснову, што ў аснове поспехаў любога сельгаспрадпрыемства найперш матываванасць, зацікаўленасць яго кіраўніка. Яна з пашанай адгукваецца пра дырэктара ААТ “Міхалёўская Ніва” Ігара Іванавіча Ганчарова, які не абыходзіць, з яе слоў, ніводнае праблемнае пытанне галіны, пільна вывучае яго і знаходзіць рашэнне.
Сама яна, апроч іншага, шмат ўвагі ўдзяляе рабоце з кадрамі жывёлагадоўчых аб’ектаў, якіх у гаспадарцы сем: тры МТФ, малочна-таварны комплекс і тры таварныя фермы. Касцяк калектываў на кожным аб’екце трывалы — людзі сумленныя, імкнуцца добра зарабіць і стараюцца дзеля гэтага. Але ёсць і тыя, з кім час ад часу даводзіцца весці тлумачальную работу. “Між тым, усе яны — нашы людзі, і мы зацікаўлены ў іх дабрабыце, дабрабыце іх сямей”, — кажа субяседніца.
Ці ёсць у галоўнага заатэхніка хобі? Жанчына шырока ўсміхаецца: на гэта няма часу, на вытворчасці яна ад світанку да позняга вечара. А вось нагатаваць ежы на дзень, пачаставаць на выходныя дзяцей, унукаў — для яе святое.
Ніна Сяргееўна ўпэўнена — сельская гаспадарка аплот краіны. І праца работнікаў галіны ўшаноўваецца, годна ацэньваецца на ўсіх узроўнях. Сама яна як перадавік вытворчасці мае не адну працоўную ўзнагароду і, што асабліва пачэсна — занесена на раённую Дошку гонару.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.