Мерапрыемствы да Адзінага дня бяспекі прайшлі ў Туголіцы

Змястоўнае, павучальнае і, што немалаважна, цікавае мерапрыемства, у рамках Адзінага дня бяспекі, прайшло сёння ў Туголіцкай сярэдняй школе.
Супрацоўнікі Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях у даходлівай для маленькіх грамадзян форме нагадалі, што здольна прывесці да пажару, а разам і праверылі хлопчыкаў і дзяўчынак на веданне правілаў бяспечных паводзін падчас надзвычайнай сітуацыі.
Вучні ў сваю чаргу наперабой адказвалі, чаму ў пагрозлівай сітуацыі нельга заставацца ў памяшканні, з задавальненнем дэманстравалі, як правільна яго пакідаць, на які нумар тэлефона звяртацца, каб паведаміць пра бяду.
Падчас сігналу трывогі дружна, усёй школай пакінулі будыніну і пералічыліся.
Затым са школьнікамі была праведзена вучоба на прадмет карыстання вогнетушыльнікам. Тым з дзяцей, хто зацікавіўся пажарнай тэхнікай, ратавальнікі далі магчымасць пазнаёміцца з ёй больш дэтальна.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Бабруйскі гаррайаддзел па НС. Вучобу правялі старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Кірыл Аверчанка ды іншыя спецыялісты ведамства.
— Сваёй мэтай ставім навучанне грамадзян бяспечным паводзінам падчас розных надзвычайных сітуацый, у тым ліку пажару, а таксама аказанню першай дапамогі пры гэтым. Акцэнтуем увагу на такім моманце, як эвакуацыя: пры надзвычайнай сітуацыі калектыў павінен бяспечна пакінуць месца пагрозы, — патлумачыў Кірыл Аверчанка.








Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.