У Бортнікаўскім сельсавеце прайшла акцыя «Мы вас памятаем!»

…Акцыю, прымеркаваную да Дня працы і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, правялі Бабаруйскі раённы Савет ветэранаў сумесна з моладдзю раёна.
На сустрэчы, якая прайшла ў Бортнікаўскай школе і дзе прысутнічала працоўная моладзь СВК “Гігант”, вучні навучальнай установы зрабілі відэа-прэзентацыю “Мы іх памятаем! Мы імі ганарымся!” пра выбітных землякоў: Героя Сацыялістычнай Працы Любоў Паўлаўну Цэд і ўраджэнца Малых Бортнікаў, генерала-маёра Івана Дзмітрыевіча Балыку.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Яўгенія Уладзіміраўна Доўнар шчыра падзякавала юнакам і дзяўчатам за ўшанаванне памяці пра людзей, якія шмат зрабілі для дабрабыту сельгаспрадпрыемства, мясцовасці і краіны. Падзякавала за работу, якую навучэнцы і працоўная моладзь “Гіганта” праводзяць на працягу года па падтрыманні ў парадку воінскіх захаванняў і помнікаў, ушанаванні ветэранаў вайны і працы. Выказала спадзеў, што памяць пра землякоў, якія гераічна змагаліся супраць ворага ў Вялікую Айчынную вайну і якія працоўнымі подзвігамі “пішуць” цяперашнюю слаўную гісторыю мясцовасці і раёна, маладыя людзі перададуць нашчадкам.
У заключэнне пажылыя людзі і моладзь наведалі магілы Любові Цэд і Івана Балыкі, усклалі да іх кветкі.
У гэты ж дзень чырвоныя гваздзікі былі ўскладзены і да магілы Александрыны Рыгораўны Сакун у в. Забалацце — яшчэ аднаго Героя Сацыялістычнай Працы, колішняй перадавой даяркі, чыімі дасягненнямі ганарыцца Бабруйскі раён. Памяць пра знакамітую зямлячку ўшанавалі Яўгенія Доўнар і сакратар раённай арганізацыі КПБ Сяргей Феднеў.
У арганізацыі мерапрыемства раённы Савет ветэранаў шчыра дзякуе кіраўніцтву Бортнікаўскай СШ і СВК “Гігант”.






Алена КАРПЕНКА. Фота з архіва райсавета ветэранаў.