Дзверы Плёскага ФАПа адчынены кожнаму

Так можна сказаць пра дзейнасць любой медустановы на сяле і Плёскага фельчарска-акушэрскага пункта ў прыватнасці.
Жыхарка населенага пункта і колішняя гараджанка Валянціна Іванаўна, якую засталі на прыёме ў памочніка ўрача, сходу пералічвае перавагі сельскай медустановы:
— Гэта ж такая зручнасць — прыйшоў, і цябе адразу прынялі. А то і сама доктарка дамоў наведаецца, пацікавіцца самаадчуваннем, даўленне памерае, таблетку, калі трэба, прапіша, парад надае. Без ФАПа нам аніяк, мы ж тут у асноўным пажылыя людзі, а ў пажылых, як ведаеце, хвароб за жыццё набярэцца, — эмацыйна кажа жанчына. Алу Леанідаўну пацыентка называе не інакш як “наша ратавальніца”. На нас жа — групу карэспандэнтаў, глядзіць з недаверам: ці раптам не прыехалі ФАП зачыняць?
Шырокая ўсмешка загадчыка ФАП Алы Сіліч, у адной асобе памочніка ўрача і акушэркі, пацыентку відавочна суцяшае. Забраўшы лекі (іх таксама можна атрымаць на ФАПе), жанчына нетаропка саступае месца наступнаму наведвальніку. Немалады мужчына прыйшоў хоць і з палачкай, але на здароўе, як нам заўважыў, асабліва не наракае.
— Да медыка на сяле людзі ідуць не толькі з прычыны фізічнай нямогласці. Іншым патрабуецца дапамога словам: выгаварыцца, расказаць, што хвалюе, пачуць падтрымку,— кажа Ала Леанідаўна.
Акруга, якую фельчарска-акушэрскі пункт абслугоўвае, хоць і не надта вялікая — крыху болей за 300 чалавек (жыхары Плёсаў і навакольных вёсак), абавязкаў у медыка хапае. Да 12 гадзін — прыём пацыентаў непасрэдна на ФАПе: выслухаць, правесці агляд, вымераць ціск, зрабіць, калі патрабуецца, ЭКГ, выканаць іншыя мерапрыемствы ў межах дыспансерызацыі, пры неабходнасці — працэдурныя маніпуляцыі, аказаць неадкладную медыцынскую дапамогу. Пасля абедзенага перапынку, які паўгадзіны, памочнік урача накіроўваецца на патранаж.
— Калі маюцца выклікі на дом, іду найперш да такіх пацыентаў. Калі выклікаў няма, вызначаю для сябе вуліцу ў тым ці іншым населеным пункце (для перамяшчэння маецца ровар) і наведваюся запар у кожны дом: раблю агляды, цікаўлюся станам здароўя. Пры падазрэнні на хваробу выклікаю “хуткую дапамогу” або раю прыйсці на прыём у дзень прыезду ўрача з Цялушскай участковай бальнiцы, які бывае ў нас двойчы на месяц, — расказвае аб распарадку свайго дня Ала Леанідаўна.
Умовы для акушэрскага агляду жанчын на ФАПе таксама створаны — месца для гэтага адведзена ў працэдурным кабінеце.
Значную дапамогу фельчарска-акушэрскаму пункту аказвае перасоўны медыцынскі комплекс ці так званы ФАП на калёсах, які вось ужо колькі месяцаў функцыянуе на тэрыторыі раёна і на якім да пацыентаў аддаленых вёсак прыязджае памочнiк урача па амбулаторна-палiклiнiчнай дапамозе (загадчык) перасоўнага ФАПа. Для работы на ім пры неабходнасцi прыцягваюцца ўрачы -спецыялісты, іншыя медыцынскія работнікі, якiя вяскоўцам могуць і зуб залячыць, і зрабіць забор аналізаў, выканаць іншыя мерапрыемствы ў межах дыспансерызацыі, пракансультаваць адносна прафілактыкі хвароб. Графік прыезду машыны паведамляецца загадзя, у сувязі з ім сяльчане і плануюць наведванне медыкаў.
Плёскі ФАП, хоць і стаіць паўз шашы, — сапраўднае ўпрыгожанне населенага пункта. Невялічкае акуратнае збудаванне і тэрыторыя навокал радуюць вока чысцінёй і дагледжанасцю. Дадзены бок справы і на самой загадчыцы, і на санітарцы, якая працуе тут на паўстаўкі. Неабходную дапамогу аказвае гарадская паліклініка №2. “Калі што патрабуе рамонту, спецыяліст прыязджае, ацэньвае — і своечасова праводзяцца рамонтныя работы”, — кажа загадчыца.
***
Увогуле, Ала Сіліч упэўнена — стварыць утульнасць на працы, на рабочым месцы здольны той, хто любіць сваю прафесію. Сама яна пра медыцыну марыла з дзяцінства. А таму, калі прыйшоў час вызначацца з будучыняй, не задумваючыся ўзяла накірунак ад Бабруйскай аховы здароўя і павезла дакументы ў мясцовае медвучылішча. Атрымаўшы дыплом фельчара-акушэра, вярнулася на родную Бабруйшчыну. Непасрэдна ў Плёсах працуе з 1992 года. У гэтым населеным пункце мужу ад сельгасарганізацыі, дзе ён працаваў, вылучылі дом, што для маладой сям’і і стала вырашальным.
З часам сям’я абжылася, у тым ліку дзецьмі. У Сілічаў тры дачкі, ёсць два ўнукі і дзве ўнучкі. У вольны ад работы час Ала Леанідаўна радуе сябе любімым заняткам — вяжа для іх сукенкі і кашулькі. Зрэшты, адна з дочак таксама медработнік — працуе медрэгістратарам у Цялушскай участковай бальніцы.
Разважаючы пра замацаванне моладзі ў сельскіх установах, медык са стажам заўважае, што “умовы для работы створаны добрыя”, а блізкасць да Бабруйска і прадуманыя транспартныя зносіны дазваляюць ездзіць на работу, жывучы і ў горадзе. Што да здароўя мясцовых жыхароў, то многае, па словах субяседніцы, залежыць ад саміх людзей. І вяскоўцы ў гэтым плане розныя. Адны ідуць да доктара нават пры нязначных зменах у дзейнасці арганізма — і гэта правільна, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Іншых не даклікацца нават пры прыкметнай нямогласці.
Але дзеля гэтага і адчынены дзверы Плёскага ФАПа, і будуе сваю работу Ала Леанідаўна, каб усе без выключэння вяскоўцы былі пад яе пільным медыцынскім наглядам.






Алена КАРПЕНКА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.