СВК “Гігант” падвёў вынікі работы. Расказваем, як гэта было

Агульны сход членаў (пайшчыкаў) СВК «Гігант» з падвядзеннем вынікаў работы за 2024 год прайшоў сёння ў Міхалёўскім СДК. У якасці ганаровых гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Сухадольскі, старшыня Бортнікаўскага сельвыканкама Вераніка Падаляк і інш.
Традыцыйна справаздачы зрабілі начальнікі службаў СВК: фінансавай, агранамічнай, інжынернай ды іншых. Вынікі дзейнасці падвяла і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі «Гіганта» Анастасія Гацко.
У сваю чаргу, старшыня праўлення СВК Васіль Жук падзякаваў калектыву за добрасумленную працу і адказнае стаўленне да працоўных абавязкаў — чысты прыбытак ад дзейнасці ў 2024 годзе значна пераўзыйшоў прыбытак папярэдняга. Кіраўнік нагадаў пра сур’ёзныя задачы на новы сельскагаспадарчы год — дасягнуць тэмпу росту вытворчасці 105%, тэмпу росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі — 107%, выказаў упэўненасць, што з імі калектыў годна справіцца. «Галоўнае для гэтага — максімальная выкладка ад кожнага, максімальны ўнёсак у агульную справу, толькі так будзе стабільнасць сельгасарганізацыі і дабрабыт людзей», — падкрэсліў Васіль Жук.
Не абыйшлося без узнагарод. Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік раёна Аляксандр Сухадольскі сказаў, што сельгаскааператыў працуе так, як трэба, і гэта прыемна. Але яшчэ ёсць куды рухацца. «Развівайце свае магутнасці, нарошчвайце пагалоўе жывёлы, павялічвайце ўраджайнасць. Плёну вам у гэтым! Таксама дзякуй праўленню, што пабудавалі работу з моладдзю, што ўзялі на сябе адказнасць за суседнюю гаспадарку ААТ «Неўскі-Агра». Вы сапраўды з’яўляецеся флагманам раёна», — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.
Кіраўнік раёна ўручыў лісты ўдзячнасці райвыканкама шэрагу работнікаў «Гіганта». І безліч узнагарод — працаўнікам-пераможцам спаборніцтва ўручыў Васіль Жук. З яго рук атрымалі ўзнагароды таксама лепшы спартсмен, лепшы малады спецыяліст, лепшы настаўнік, лепшы спецыяліст і інш. Каштоўныя падарункі Васіль Пятровіч уручыў педагогам пачатковых класаў Бортнікаўскай школы за вялікую працу на карысць будучага пакалення і асобным вучням — за актыўную грамадскую пазіцыю і творчыя поспехі.
Актывісты прафсаюзнага руху сельгаспрадпрыемства атрымалі ўзнагароды з рук Анастасіі Гацко.
Павіншавала работнікаў таксама старшыня сельвыканкама Вераніка Падаляк, падзякавала за працу, пажадала здароўя і дасягнення пастаўленых мэт. Асобным — уручыла лісты ўдзячнасці.
Цудоўны падарунак працаўнікам сельгасвытворчасці зрабілі творчыя дзіцячыя калектывы раённага Цэнтра культуры «Зефір» і «Забава».




















































Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.