90 гадоў па жыцці з аптымізмам: віншаванні з Днём нараджэння прымае жыхарка в. Стасеўка, ветэран працы Ніна Гарбачэўская

У свае дзевяноста Ніна Пятроўна Гарбачэўская са Стасеўкі на гэткія гады ніяк не выглядае: падцягнутая, статная, з выдатнай памяццю і добра пастаўленым маўленнем. Каб не ногі — юбілярка вось ужо 4 гады перамяшчаецца ў калясцы — дык рабіла б і ўсе хатнія справы, і па двары. Але нават у сваёй сітуацыі імянінніца не сядзіць склаўшы рук, размінае, наколькі магчыма, цела, каб не зацяклі суставы, трэніруе памяць.
— Без разгадвання красвордаў не жыву ні дня, — з усмешкай заўважае жанчына. — Прывозяць іх і дзеці, і ўнукі. Прычым, выбіраю павышанай складанасці, абавязкова адкладваю ў памяці новыя словы. І вельмі люблю судоку. А яшчэ — чытаю раманы.
“У маці выключная памяць, — дадае сын Анатоль, якога з жонкай Галінай засталі ў бацькоўскай хаце, — паэму Купалы “Курган” цягам 15 хвілін расказвае без замінкі. Памятае і іншыя вершы, што вучыла ў школе”.
З часоў маладосці ў Ніны Пятроўны павышаныя патрабаванні да знешняга выгляду. Быць уважлівай да прычоскі, да адзення і абутку абавязвалі, як яна кажа, пасады.
Нарадзілася мая субяседніца ў 1934 годзе тут жа ў Стасеўцы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяўчынцы было 7 год. Але нават і гэты ўзрост дазволіў ёй утрымаць у памяці светлы вобраз бацькі, які, пайшоўшы на фронт, дамоў з крывавага пекла не вярнуўся. Акрамя Ніны, у сям’і выхоўваўся малодшы брат. І матулі адной з дзецьмі, як, уздыхаючы, згадвае субяседніца, “усяго хапіла”.
Пасля дзесяці класаў Брожскай школы (у Стасеўцы была сямігодка) дзяўчына вывучылася на бухгалтара. Працавала ў мясцовай школе справаводам, у бібліятэцы.
Выйшаўшы замуж і нарадзіўшы сына і дачку, вучобу працягнула — завочна скончыла Магілёўскі педінстытут, што дазволіла быць настаўніцай пачатковых класаў.
У 1974 годзе Ніну Пятроўну паклікалі працаваць сакратаром Вішнёўскага сельвыканкама. Гэта быў новы накірунак дзейнасці і новы вопыт, але і ім жанчына хутка авалодала: працалюбства і цікавасці да ўсяго новага ёй было не займаць. У гэтай пасадзе юбілярка адпрацавала 9 год. А калі Таццяна Васільеўна Палянская, якая на той час была за старшыню сельвыканкама, з’ехала працаваць на Міншчыну, пасаду галоўнага чалавека ў акрузе даручылі Ніне Гарбачэўскай. Узначальвала Вішнёўскі сельскі Савет дэпутатаў яна 2 гады, а затым ізноў вярнулася ў школу.
— Набліжаўся пенсійны ўзрост, трэба было дбаць пра жыццё на заслужаным адпачынку. Заробак у школе, асабліва калі працаваў не на стаўку, а на паўтары, значна пераўзыходзіў той, што атрымліваў старшыня сельсавета. Паехала ў райвыканкам, усё як ёсць распавяла Анатолю Ціханавічу Глазу — ён тады быў кіраўніком раёна. Знайшла ў яго паразуменне і вярнулася ў школу. Тым болей што якраз вызвалілася месца — маладая настаўніца пайшла ў дэкрэтны адпачынак, — расказвае сваю гісторыю імянінніца.
У школе мая субяседніца затрымалася яшчэ на сем год і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Працаваць было, як яна кажа, надзвычай камфортна: дырэкцыя ставілася з пашанай, дзеці радавалі. У абавязках педагога было і пісаць пратаколы школьных сходаў, а на гэтым, як смеючыся кажа субяседніца, яна сабаку з’ела — нездарма ж калісьці была за справавода.
Сваім жыццём на заслужаным адпачынку Ніна Пятроўна задаволена. Добрымі і спагадлівымі выраслі сын з дачкою. Дзякуючы ім і хата, і двор выглядаюць дагледжанымі. З пяшчотай ставяцца ўнукі, якіх шасцёра, радуюць шасцёра праўнукаў.
Падвяло здароўе, але ж гераіня аповеду прывыкла ісці па жыцці з аптымізмам і бачыць ва ўсім пазітыў. “Мне ўсё падабаецца, мяне ўсё задавольвае, у тым ліку памер пенсіі. Радуюся і родным, і сацыяльнаму работніку (Святлана Кет падчас нашага наведвання таксама была ў падапечнай)”, — кажа жанчына.
У гэтым, магчыма, і ёсць прычына даўгалецця маёй субяседніцы. А яшчэ — у бязмежным клопаце тых, каму дала жыццё, для каго стала трывалым коранем, у добрым стаўленні аднасяльчан, ва ўвазе колішніх вучняў. Зрэшты, адным з тых, хто напярэдадні юбілею прыехаў павіншаваць Ніну Пятроўну і ўручыць сваёй настаўніцы кветкі, быў старшыня Вішнёўскага сельвыканкама Дзмітрый Бандарчук.
Цёплымі словамі і падарункамі павіншавалі юбілярку — актыўнага члена раённай ветэранскай арганізацыі яе старшыня Яўгенія Доўнар і лідар мясцовай ветэранскай “пярвічкі” Валянціна Сямёнава.
Усе яны падзякавалі ветэрану працы за неацэнны шматгадовы ўнёсак у дабрабыт раёна і краіны і пажадалі галоўнага — сустрэць у коле родных яшчэ не адзін дзень нараджэння.



Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.