Прафарыентацыйнае мерапрыемства “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі” прайшло сёння ў Бабруйскім раёне
На сустрэчу з будучымі навучэнцамі — школьнікамі старэйшых класаў, прыехалі і прыйшлі прадстаўнікі чатырох устаноў адукацыі Магілёўшчыны: Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя Ларына, Жыліцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага каледжа і Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела па адукацыі Бабруйскага райвыканкама Алеся Стэльмак засяродзіла ўвагу будучых абітурыентаў на яго значнасці, заклікала маладых людзей сур’ёзна падысці да атрыманай інфармацыі, абмеркаваць яе з бацькамі, каб на час выпуску са школы мець трывалае ўяўленне пра прадмет свайго прафесійнага выбару. І будзе добра, калі, узброеныя ведамі па той ці іншай спецыяльнасці, замацоўваць іх яны вернуцца ва ўстановы і на прадпрыемствы менавіта Бабруйскага раёна.
Кожны з прадстаўнікоў падрабязна спыніўся на спецыяльнасцях, якія можна атрымаць у навучальнай установе, расказаў пра адметнасці вучобы і магчымасці для баўлення вольнага часу моладзі, засяродзіў увагу на бонусах — акрамя асноўнай атрымаць дадатковыя спецыяльнасці, 100-працэнтным засяленні ў інтэрнат, стыпендыях, магчымасці ў канікулярны час папрацаваць і зарабіць грошай і інш.
Заахвоціць моладзь да атрымання вострадэфіцытных у іх установах і сельгасарганізацыях прафесій на “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі” прыехалі таксама прадстаўнікі наймальнікаў раёна: школ, дзіцячых садкоў, сельгасарганізацый. Дырэктар Осаўскай школы, у структуры якой і дашкольная ўстанова, Ларыса Раманоўская, да прыкладу, адзначыла, што ў калектыве, які на 30% састаіць з маладых спецыялістаў, рады бачыць і маладога выхавацеля для дашкольнікаў. У СВК “Гігант”, як адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Анастасія Гацко, для маладых спецыялістаў распрацаваны выдатны сацыяльны пакет — выпускнікі каледжаў і вузаў, якія прыходзяць на работу, маюць не толькі годны заробак і жыллё, але і магчымасць рэалізавацца ў розных накірунках: ад спорту да грамадскай дзейнасці. Працэнт замацаванасці маладых спецыялістаў у кааператыве год ад году расце: на сёння ён звыш 70-ці.
Шмат гаварылася пра мэтавае навучанне ў каледжах: ільготы пры залічэнні на вучобу. Такая форма атрымання прафесійных ведаў асабліва падыдзе тым маладым людзям, хто марыць звязаць сваё жыццё з малой радзімай.
Напрыканцы прафарыентацыйнага мерапрыемства ўвагу моладзі засяродзілі на электаральнай кампаніі і адзіным дні галасавання, які пройдзе ў краіне 25 лютага, а таксама на зменах у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Анастасія Гацко, якая з’яўляецца старшынёй Моладзевага парламента пры Бабруйскім райсавеце дэпутатаў, у рамках дыскусійнай платформы “Беларусь будучыні” Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь распавяла юнакам і дзяўчатам пра вялікі клопат, які праяўляе дзяржава пра падрастаючае пакаленне і моладзь замацаванымі ў асноўным дакуменце гарантыямі. Заклікала любіць сваю Радзіму, вучобай і працай садзейнічаць дабрабыту роднай краіны.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.