Праца — яе жыццё
Пра Алену Піліпенка, дыспетчара ААТ “Неўскі-Агра” — гераіню чарговага аповеду аб людзях працы Бабруйшчыны, можна расказваць адначасова і шмат: у жыцці кожнага чалавека чаго толькі не здараецца, і коратка. Бо гады працы гэтая жанчына, не скажаш што пенсійнага ўзросту, аддала выключна сельскай гаспадарцы і працягвае служыць галіне. Менавіта служыць. Бо на працы яна без выходных і мала калі ў адпачынку. І так, як кажа, на працягу жыцця. Часцей брала грашовую кампенсацыю за водпуск і працягвала працаваць. Не наракаючы, не крыўдуючы на такі расклад, бо любіла і любіць сваю справу і адчувае вялікую за яе адказнасць.
Мая субяседніца лічыць сябе за тутэйшую: землі Варатыні, Доўгага Кліна, адкуль яна родам, і кавалёўскія, куды вось ужо два гады штодня прыязджае на работу, мяжуюць, жыхары аднаго аграгарадка працаўладкаваны ў другім і наадварот.
Пасля заканчэння Варатынскай школы дзяўчына з Доўгага Кліна вывучылася на бухгалтара ў Бабруйскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (цяпер аграрна-эканамічны каледж) і прыехала працаваць у родную гаспадарку. Апошняе здавалася для Алены найлепшым варыянтам: надта цягнула на малую радзіму ды і хацелася набытымі ведамі памнажаць дабрабыт менавіта сваёй гаспадаркі, свайго куточка.
Тагачасны кіраўнік калгаса “Варатынь” Тумашэўскі сустрэў маладога спецыяліста ветліва. Працуючы па спецыяльнасці, пачынаючы бухгалтар выпісвала пуцявыя лісткі работнікам, налічвала заробную плату вадзіцелям. Пазней стала ў “Варатыні” за дыспетчара. На працягу не аднаго дзясятка год працавала ў гэтай пасадзе і пры Аляксандры Атрохаве, якога лічыла кіраўніком мудрым, дальнабачным, зацікаўленым у тым, каб гаспадарка развівалася, а людзі замацоўваліся на варатынскай зямлі. Гаспадарка шмат будавала добраўпарадкаванага жылля. Адзін з дамоў быў вылучаны і Алене Віктараўне.
У час, калі мая субяседніца пакінула працаваць у філіяле “Варатынь”, яна ўжо была на заслужаным адпачынку. Як і многія на пенсіі, наважвалася адчуць асалоду ад таго, што не трэба нікуды спяшацца, збіралася больш часу надаць уласнай гаспадарцы, якая ад недахопу ўвагі звялася да дробнай птушкі. А некалі ж маці дваіх дзяцей (сын — механізатар гэтай жа гаспадаркі, дачка жыве ў Мінску, ёсць унучка) трымала на падворку і карову, і парсюкоў не па адным… Але калі ў дзень сыходу з “Варатыні” Аляксандр Атрохаў прапанаваў пасаду дыспетчара ў ААТ “Неўскі-Агра”, якое ўзначаліў, не задумваючыся пагадзілася.
— Відаць, не прыйшла мне пара стаць сапраўднай пенсіянеркай, — усміхаецца Алена Віктараўна. — Тут жа ўключылася ў работу. І вось ужо два гады як дыспетчарствую ў гэтай гаспадарцы. Работу сваю вельмі люблю. І гэта не проста словы. Знаходзячыся на працы, адчуваю сваю патрэбу, значнасць. Нават на выходныя дні не застаюся дома. Перажываю — гарачая пара, раптам што дзе здарыцца, каму-небудзь з механізатараў спатрэбіцца тэрміновая дапамога — з тэхнікай рознае ж бывае — а я не на мехдвары, не валодаю поўнай інфармацыяй, хто на якім участку працуе, якія работы выконвае, каб як найхутчэй дапамагчы. Не, не магу я так. Для сябе, можа, і горш, але прывыкла ўсё рабіць на сумленне, з адказнасцю да даручанага. Таму заўжды на рабоце. Так мне камфортней і спакайней.
У абавязках Алены Віктараўны выпісванне пуцявых лісткоў вадзіцелям і трактарыстам, улік працоўнага часу работнікаў, прыём заявак: на паліва, запчасткі, іншае. На ёй і расклад — каго, калі і куды адвезці ці забраць, вырашэнне пытанняў з дапамогай, калі хто зламаўся… Работы шмат. І зразумець, ацаніць яе аб’ём можа толькі той, хто сам пабыў за дыспетчара.
— Штодзённая планёрка, дзе кожнаму “наразаецца” заданне — гэта адно. Але ж на працягу дня шмат што можа мяняцца ад розных акалічнасцяў. І каб не атрымалася неразбярыхі, на тое ёсць дыспетчар, які рэгулюе і напраўляе ход работ. Гэта і ёсць мой асноўны занятак, — удакладняе субяседніца.
З запалам, непадробнай зацікаўленасцю гаворачы пра працоўныя абавязкі, Алена Віктараўна раптам сумелася: “А, ведаеце, і расказаць пра сябе няма чаго. Толькі праца. За жыццё пабывала адзін раз у Маскве і адзін у Польшчы. З экскурсіямі, якія некалі ладзіў калгас. Але калі тое ўжо было…”.
Між тым, на пытанне, ці памяняла б што ў жыцці, калі б такая магчымасць чалавеку давалася, упэўнена адказала: “Не! Вёску і сельскую гаспадарку я люблю, гэта маё, мне блізкае і роднае”.
І тут хочацца звярнуць увагу на адпаведнасць месцу старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Неўскі-Агра”, галоўнага эканаміста Марыны Парохненка, з пасылу якой і адбылася нашая з Аленай Піліпенка размова. Як і мае быць прафсаюзнаму лідару — зацікаўленаму ў падтрымцы членаў пярвічкі, матэрыяльнай і маральнай, яна годна ацаніла ўнёсак гераіні аповеду ў работу сельскагаспадарчай галіны і, галоўнае, знайшла спосаб за гэта аддзячыць.
Нам жа застаецца пажадаць, каб у жыцці Алены Віктараўны быў яшчэ не адзін год працы ў блізкай яе складу і характару пасадзе і каб яна абавязкова пабывала ў яшчэ не адной цікавай паездцы-экскурсіі — набралася новых уражанняў, распавяла нам пра гэта.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.