У Каменскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце прайшоў круглы стол
Удасканаленне работы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі — круглы стол на гэтую тэму прайшоў на базе Каменскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі дадзенай установы, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, медустаноў Бабруйшчыны, СМІ.
За круглым сталом абмеркавалі стварэнне тэрапеўтычнага асяродку для інвалідаў у Каменскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце — даклад па гэтай тэме зрабіла загадчыца медыцынскага аддзялення ўстановы Алена Гайшун. Аб актуальных пытаннях узнаўлення ў дзеяздольнасці недзеяздольнага грамадзяніна распавяла загадчыца філіяла “Бабруйскі міжраённы псіханеўралагічны дыспансер” Алена Харашаўка. Псіхолаг Бабруйскай гарадской паліклінікі №6 Наталля Белахвост падняла тэму дэменцыі, засяродзіла ўвагу на асаблівасцях работы з пацыентамі дадзенай катэгорыі. Дырэктар Бабруйскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Тарасевіч — тэму этыкі сацыяльнай работы: правоў і абавязкаў спецыялістаў.
— Калектыў нашага дома-інтэрната робіць усё магчымае, каб людзі, на чый лёс выпала жыць ва ўмовах сацыяльнай установы, адчувалі клопат пра сябе, каб іх умовы былі набліжаны да хатніх, каб быў занятак па густу і здольнасцях. Між тым хацелася б, каб тыя з грамадзян, хто здольны і хоча працаваць і зарабляць грошы, мелі такую магчымасць — сацыялізаваліся ў грамадства, адчувалі сваю значнасць і патрэбу, — адзначыла дырэктар Галіна Саўчанка, ініцыяваўшы “пашукаць” за круглым сталом спосабы вырашэння гэтага і іншых пытанняў, звязаных з рэалізацыяй сацыяльнай абароны жыльцоў.
Удзельнікаў мерапрыемства пазнаёмілі з майстэрнямі для занятасці састарэлых і інвалідаў, памяшканнямі для фізіятэрапіі, рэлаксацыі, утульнымі жылымі пакоямі, адрамантаванай у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі сталовай, наладзілі экскурс па тэрыторыі дома-інтэрната, дзе сумеснымі намаганнямі работнікаў і пражываючых арыгінальна добраўпарадкаваны кожны яе куточак.
— Сённяшнюю нашу сустрэчу лічу прадуктыўнай: абмеркаваны актуальныя пытанні сацабароны людзей з абмежаванымі магчымасцямі, намечаны алгарытм дзеянняў па іх вырашэнні, — заўважыла намеснік галоўнага ўрача БГП№2 Людміла Курская.
***
А вось гэтыя арыгінальныя рэчы хатняга ўжытку і для інтэр’еру, зробленыя жыльцамі і работнікамі Каменскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, — можна набыць.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.