Темы

Уладзімір Прыкота — лепшы жывёлавод-пастух раёна

Уладзімір Прыкота — лепшы жывёлавод-пастух раёна

Каб упэўніцца, што сельскі ўклад жыцця, — тое, што табе па душы, трэба паспрабаваць і гарадскога. Менавіта так сталася з маім субяседнікам, жывёлаводам малочна-таварнай фермы №1 філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” — пераможцам раённага спаборніцтва па выніках работы за 2021 год з прысваеннем звання “Лепшы па прафесіі” Уладзімірам Віктаравічам Прыкотай. Але пра гэта крыху пасля.

Пачну ж з таго, што нарадзіўся “Лепшы жывёлавод-пастух” раёна на Брагіншчыне Гомельскай вобласці. Яго сям’я — адна з сотняў і тысяч іншых, якім давялося прайсці праз вялікае выпрабаванне: растанне з малой радзімай і пошук новай у выніку катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ўвесну 1986 года. Для менавіта іх сям’і пошук аказаўся, па словах Уладзіміра Віктаравіча — на той час васьмігадовага падлетка, няпростым: “давялося паездзіць”. Адразу — ва Украіну, дзе жыла матуліна сястра. Пасля — назад у Беларусь, два гады жылі ў Брагіне. І толькі затым, пасля бацькавага гасцявання на Бабруйшчыне, дзе ўжо асвоіліся іх родзічы, — пераехалі ў Коўрын Варатынскага сельсавета, дзе і дагэтуль жывуць старэйшыя Прыкоты. Маці тады ўладкавалася заатэхнікам, бацька — механізатарам. Дзеці сталі навучацца ў мясцовай школе.
Жыццё ў Варатыні прыйшлося па душы, таму пасля заканчэння сярэдняй навучальнай установы Уладзімір, доўга не раздумваючы, вырашыў застацца на другой малой радзіме і працаваць. Пайшоў па бацькавай дарозе — вывучыўся на трактарыста ў Бабруйску. А там прыйшоў час ісці ў войска: стан здароўя дазваляў, жаданне было. Іншая справа, куды пашлюць — блізка ці далёка ад дому. З гэтым таксама ўсё склалася найлепшым чынам: абавязак Айчыне аддаваў у Бабруйскім штабе. Пасля службы ў войску зноў прыйшоў у родную гаспадарку — спачатку механізатарам, пасля перайшоў у жывёлагадоўлю: пяць год адпрацаваў на ферме в. Доўгі Клін і вось ужо пяць — на МТФ №1 “Варатынь”. Усяго ж у сельскай гаспадарцы Уладзімір Віктаравіч не адзін дзясятак год.
Праўда, як кажа, была і магчымасць паспытаць гарадскога жыцця — два гады пражылі ў Бабруйску. Але і яго, і жонку вабілі вясковыя прасторы, нетаропкасць сельскага ўкладу жыцця ды і трэба было вызначацца з жыллём. У выніку сям’я вярнулася ў вёску, і пра тое сваё рашэнне Прыкоты ні разу не пашкадавалі. Тым болей, што вырашылася і жыллёвае пытанне — сельгас­арганізацыя вылучыла сям’і сучасны добраўпарадкаваны дом у Варатыні. Жонка Алеся тутэйшая, з Коўрына. Працавала ў філіяле спачатку цялятніцай, цяпер — аператарам машыннага даення на той жа, што і муж, малочна-таварнай ферме.
У тым, што справу сваю Уладзімір Віктаравіч ведае, абавязкі выконвае добрасумленна, пацвярджаюць уручаныя яму працоўныя ўзнагароды. Але ж не дзеля іх працуе мой суразмоўца — у сям’і падрастаюць тры дачушкі. Старэйшая, 16-гадовая Ксенія, ужо спрабуе асвойваць самастойнае жыццё — вучыцца на тэхніка-
тэхнолага ў бабруйскім каледжы, 14-гадовая Крысціна і 12-гадовая Кіра — школьніцы. “Адной вопраткі ды абутку колькі трэба, не кажучы ўжо пра іншыя выдаткі!” — з усмешкай і адначасова з гордасцю заўважае бацька. Але ж, як кажа, у гаспадарцы не шкадуюць грошай за сумленныя адносіны да абавязкаў — і ён, і жонка не наракаюць на заробак, болей таго, лічаць яго дастойным. І кожны на сваім месцы стараюцца працаваць з поўнай выкладкай і самааддачай — каб і сабе зарабіць болей грошай, і не падвесці дружны калектыў у гэтым здаровым і натуральным для любога чалавека жаданні.
Асабіста Уладзімір Віктаравіч на ферме ўжо ў 5 гадзін. Ездзіць жывёлавод на працу на ўласным аўто. Апошняе зручна яшчэ і таму, што наведваецца на ферму ён тройчы на дзень — менавіта столькі разоў, у адпаведнасці з тэхрэгламентам, дойны статак, які абслугоўвае, павінен атрымліваць свежы корм. Працоўны дзень у героя аповеду завяршаецца прыкладна а 21-гадзіне. Ёсць выхадны, у які за рагулямі глядзіць падменны жывёлавод.
Часу на хатнія клопаты ва Уладзіміра Віктаравіча няшмат, але ж на вёсцы без гэтага аніяк: гас­падарка патрабуе рук. Каб быць забяспечанымі ўласным харчам, сям’я даглядае агарод, вырошчвае свіней. Гэтым часам заняты будаўніцтвам новага хлеўчука, каб на хатнюю жыўнасць і яшчэ прырасці.
Вольны час? Яго ў лепшага жывёлавода бадай што няма. А калі раптам выпадае — трэба і сям’ю ў горад звазіць, і бацькам дапамагчы, і ўжо зусім раскоша — пасядзець на вадаёме з вудай.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем