Надзейны тыл дзяржавы. Работнікаў падатковай інспекцыі павіншавалі з прафесійным святам

Урачысты сход работнікаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Бабруйскім раёне, прымеркаваны да надыходзячага прафесійнага свята — Дня работнікаў падатковых органаў, які адбудзецца 12 ліпеня, прайшоў у райвыканкаме.
Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі начальнік упраўлення ўліку падаткаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Наталля Бядуліна і начальнік інспекцыі МПЗ па г. Бабруйску Лілія Наронская.


Віншуючы калектыў з прафесійным святам, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Бабруйскім раёне Сяргей Шупенька заўважыў, што асноўная функцыя падатковых органаў на сучасным этапе — не столькі кантраляваць, як аказваць сэрвіс, дапамагаць падаткаплацельшчыкам у пытаннях сваёй кампетэнцыі. Сяргей Іосіфавіч шчыра падзякаваў калектыву за добрасумленную працу, за ўменне спраўляцца з пастаўленымі задачамі, знаходзіць рашэнні ў неардынарных сітуацыях, пажадаў поспехаў, здароўя, сямейнага дабрабыту і ўручыў узнагароды спецыялістам, чыя работа прызнана найбольш выніковай.


Плённай працы, здароўя і шчасця віноўнікам урачыстасці пажадала Наталля Бядуліна.
— Наша праца надзвычай сур’ёзная, мы стаім на варце нашай дзяржавы. Жадаю нам з вамі і надалей заставацца надзейным тылам Рэспублікі Беларусь, выконваць свае абавязкі бездакорна, мець трывалых падаткаплацельшчыкаў, — адзначыла госця з Магілёва і ўручыла шэрагу работнікаў ганаровыя граматы і лісты падзякі.


Так, Ганаровай граматы інспекцыі па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці ўдастоены начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Алена Жукава і галоўны спецыяліст Таццяна Нікіпарэц. Старшаму інспектару Алене Быстрымовіч аб’яўлена Удзячнасць начальніка МПЗ па Магілёўскай вобласці.


Ганаровай граматы Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Бабруйскім раёне ўзнагароджана галоўны дзяржаўны падатковы інспектар упраўлення кантрольнай работы Анастасія Хахлова. Удзячнасці начальніка інспекцыі аб’яўлены начальніку аддзела камеральных праверак Юліі Кавалевай і галоўнаму дзяржаўнаму падатковаму інспектару ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Надзеі Фядулавай.

Алена КАРПЕНКА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.