Таццяна Рачынская: «Аднойчы абраўшы прафесію, у ёй не памылілася»

Сваёй прафесіі адданая… Так з упэўненасцю можна сказаць пра медыцынскую сястру Бабруйскай гарадской паліклінікі №2 з 26-гадовым стажам у прафесіі Таццяну Рачынскую, гераіню чарговага аповеда цыкла публікацый створанага “раёнкай” праекта “Стаць гаспадыняй свайго лёсу”, прымеркаванага да Года беларускай жанчыны.
Таццяна Леанідаўна — прыклад таго, як чалавек, аднойчы абраўшы прафесію, у ёй не памыліўся. І таго, што ад дабра дабра не шукаюць — у калектыве “раённай” паліклінікі, як дагэтуль многія называюць БГП №2, працуе ад першага дня размеркавання. Скончыўшы ў сярэдзіне 90-х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя Бабруйскае медвучылішча, дзяўчына з Міхалёва (у дзявоцтве Баркоўская) пачала новы этап свайго жыцця.
— Першыя паўтара года выконвала абавязкі медыцынскай сястры ў “чарнобыльскім” кабінеце — у нас назіраліся ліквідатары аварыі на атамнай электрастанцыі і тыя, хто быў пераселены на Бабруйшчыну з небяспечнай зоны. Затым атрымала прапанову перайсці ў кабінет участковага ўрача, дзе працую і цяпер. Хутка споўніцца 26 год як выконваю гэтыя абавязкі. Ведаю літаральна ўсіх пацыентаў, гэтак жа, як і яны мяне ведаюць. Разам мы раслі, сталелі, з часам далучылася новае пакаленне — іх дзеці. Ці не шкадую, што звязала жыццё з медыцынай? Ніколькі. Быць пастаянна ў дзеянні, руху — фізічным і маральным, арганізоўваць рабочы працэс на ўчастку: некага выклікаць на аналіз, кагосьці — зрабіць прышчэпку, на дыспансерны агляд… Словам, каб чалавек своечасова дайшоў да ўрача або ўрач — да пацыента ў выпадку яго нямогласці — гэта маё, — дзеліцца Таццяна Леанідаўна. — Тым болей што цяпер у мяне ёсць надзейны памочнік — спецыяльная камп’ютарная праграма, якая робіць аналіз, дапамагае ў стварэнні плана работы і “падказвае”, што неабходна зрабіць найперш.
На абслугоўванні ўчастковага ўрача Марыі Юр’еўны Мельнікавай, з якой з 2020 года працуе гераіня аповеду, больш за 1600 чалавек дарослага насельніцтва Слабодкаўскага і Сычкаўскага сельсаветаў, у тым ліку 980 — людзі працаздольнага ўзросту. У структуры ўчастка два фельчарска-акушэрскія пункты, Сычкаўскі і Туголіцкі, працуюць з імі як адна згуртаваная каманда. У абавязках Таццяны Рачынскай — арганізацыя выключна ўсіх рабочых працэсаў і момантаў, звязаных з лячэннем і прафілактыкай пацыентаў.
— Людзей, якія сочаць за сваім здароўем, у раёне стала болей. Але, на жаль, дастаткова і тых, каму даводзіцца нагадваць пра неабходнасць прафілактычных мерапрыемстваў ці мерапрыемстваў па кантролі за хранічнымі хваробамі. Для іншых стала звычкай, што ў кабінеце ўчастковага ўрача паклапоццяцца нагадаць пра той ці іншы від агляду, хоць так не павінна быць: клопат пра ўласнае здароўе найперш на самім чалавеку, — упэўнена субяседніца.
Пры гэтым якасць абследавання пацыентаў, як заўважае Таццяна Рачынская, год ад году паляпшаецца, удасканальваецца, з’явіліся новыя метады гэтага, таму многія хваробы выяўляюцца на пачатковай стадыі, калі яны лягчэй паддаюцца лячэнню.
Медык упэўнена — дапамога прыйдзе, калі чалавек у ёй зацікаўлены. Магчымасці для гэтага калі не ў БГП №2, дык у іншых медустановах Бабруйска маюцца. Хоць галоўным метадам заставацца здаровым яна лічыць прафілактыку хвароб. Таму і заклікае землякоў больш сур’ёзна ставіцца да дыспансерызацыі, вядзення здаровага ладу жыцця. Ну а пры любой нямогласці настойліва рэкамендуе не займацца самалячэннем, а неадкладна звяртацца да спецыяліста: чым хутчэй прыйдзе дапамога, тым яна будзе больш якаснай.
Пагаварылі з Таццянай Леанідаўнай і пра яе хобі. Аказалася, літаральна ўсе яны звязаны з сям’ёй. Пры любой магчымасці і яна сама, і дачка — прыватны парыкмахер — едуць у Міхалёва да родных, дапамагаюць ім па гаспадарцы. Пры магчымасці гераіня аповеду любіць з’ездзіць у санаторый. І такі адпачынак лічыць адным з найлепшых: можна пераключыцца на іншы лад жыцця і заняцца ўласным здароўем. З задавальненнем наведвае жанчына і ўсе маштабныя, раённыя і гарадскія культурныя мерапрыемствы, дзе адпачываеш, як кажа, і сэрцам, і душой.
Не абыйшлі ў размове з медыцынскай сястрой напружаныя “кавідныя” гады. “Гэта было сапраўдным выпрабаваннем для кожнага чалавека ў белым халаце. Ад стомы і нядосыпу ў прамым сэнсе не чулі пад сабой ног. Але былі аб’яднаны жаданнем справіцца з хваробай, у працы дапамагалі і падтрымлівалі адзін аднаго і — выстаялі”, — гаворыць жанчына.
Мы ж кажам Таццяне Леанідаўне, а ў яе асобе ўсім медыцынскім работнікам БГП №2 і структурных падраздзяленняў, усім людзям у белых халатах нашай роднай Беларусі, якія днямі адзначаць сваё свята, вялікі дзякуй — за прафесіяналізм, адданасць справе і высакароднае жаданне дапамагаць.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.