Аздараўленне-2026. У Каменскай СШ працуе дзіцячы лагер “Лесавічок”

У аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем у гэтыя дні адпачываюць, набіраюцца вітамінаў і цікавых уражанняў больш за 30 хлопчыкаў і дзяўчынак.
— У асноўным нашыя выхаванцы — дзеці пачатковых класаў. Дзейнічае два атрады: “Праменьчыкі” і “Непаседы”. На кожным атрадзе — па два выхавальнікі, якія арганізоўваюць сваю работу згодна зацверджанага плана. Праграма адпачынку дзяцей насычана разнастайнымі мерапрыемствамі: пазнаваўчага, спартыўнага, выхаваўчага накірункаў. У лагеры трохразовае харчаванне. Дзеці тут бавяць час да 16 гадзін. Для самых маленькіх — вучняў 1-4-х класаў прадугледжаны дзённы сон, — уводзіць у курс справы дырэктар лагера Валянціна Васільеўна Зіневіч.












На час нашага наведвання лагер жыў сваім жыццём. Пакуль маленькія выхаванцы спалі, старэйшыя знаёміліся з патрыятычным праектам “Цягнік памяці”, які рэалізуецца ў гэтыя дні і ў якім паўдзельнічала ў мінулым годзе і вучаніца мясцовай школы.
Затым, падзяліўшыся на дзве каманды, актыўна захапіліся інтэрактыўнай гульнёй “Памяць удзячных сэрцаў”, накіраванай на вывучэнне роднага краю, славутасцяў Беларусі. “Прыемна, што на большасць пытанняў дзеці адказваюць правільна, што іх цікавіць тэма роднага краю і малой радзімы”, — заўважылі выхавальніцы Таццяна Анатольеўна Каваленка і Паліна Сяргееўна Стэфанюк.
“Лесавічак” пачаў сваю дзейнасць чатыры дні таму. Разлічаны адпачынак у лагеры на 15 дзён.
Тэкст і фота Алены КАРПЕНКА.