Рабіць абрэзку дрэў можна. Але толькі на сваім участку

Традыцыйна ўвесну вяскоўцы наводзяць парадак на сваіх участках і калядамавой тэрыторыі, займаюцца іх азеляненнем, абрэзкай і насаджваннем дрэваў. Між тым, робяць гэта далёка не заўжды правільна, з парушэннем правіл заканадаўства, што пагражае накладаннем штрафу.

Як патлумачыў намеснік начальніка Бабруйскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Салановіч, усе дрэвы, якія растуць на землях агульнага карыстання, агульнадаступнай тэрыторыі, з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, а значыць — усіх грамадзян, незалежна ад таго, хто іх пасадзіў. Да прыкладу, калі вы пасадзілі на вуліцы, ля свайго дома, дрэўца, то яно належыць дзяржаве, знаходзіцца пад яе аховай, і вы не маеце права яго ні спільваць, ні абразаць. На гэта ўпаўнаважаны орган, які ўчыняе комплекс аперацый па абыходжанні з аб’ектамі расліннага свету, на тэрыторыі Бабруйскага раёна — УКП “Жылкамгас”, дзе маюцца спецыялісты, якія займаюцца менавіта справай абрэзкі, догляду, ліквідацыі аб’ектаў расліннага свету ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пры гэтым вышэйпералічаныя маніпуляцыі ў адносінах дрэваў, якія растуць на вашым уласным надзеле, дазволены, бо такія дрэвы — выключна вашая ўласнасць.
За галінку бэзу — штраф
Гэтай парой бэз прыцягвае да сябе не толькі пахам, але і прыгажосцю. Праходзячы паўз яго, мала ў каго не ўзнікне жаданне завалодаць галінкай-другой такой прыроднай раскошы. Але ж — стоп! Па словах Ігара Мікалаевіча, любое адлучэнне часткі ад аб’екта расліннага свету, не звязанае з выкананнем законных работ, вызначаных заканадаўствам, з’яўляецца незаконным пашкоджаннем аб’екта расліннага свету. Гэта значыць — сарваць кветкі бэзу можна выключна на дрэве, якое расце на вашым уласным падворку. У іншым выпадку вы станеце парушальнікам заканадаўства і вам будзе пагражаць штраф.
Захацелі пасадзіць алею — узгадніце з сельвыканкамам
Добры, здавалася б, намер азеляніць калядамавую тэрыторыю можа абярнуцца непрыемнасцю для ініцыятара. Намеснік начальніка інспекцыі нагадвае, што пасадзіць дрэўца ці высадзіць алею на тэрыторыі агульнага карыстання можна толькі пасля ўзгаднення з органам улады — сельвыканкамам. Абаснавана гэта тым, што праз абраны ўчастак зямлі могуць праходзіць схаваныя ад вока чалавека каналізацыйныя, газавыя ці электралініі, якія ў выніку незаконных дзеянняў могуць быць пашкоджаны.
Ліпа можа быць ліпавай
Як паведамілі ў гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, іншым разам ад вяскоўцаў паступаюць скаргі на пазбаўленне ад дрэў у населеных пунктах, якія быццам бы не былі пашкоджаны. Маўляў, прыехаў жылкамгас і няведама чаму зрэзаў здаровую цудоўную ліпу, якая ўпрыгожвала тэрыторыю. У такіх выпадках, па словах Ігара Салановіча, даводзіцца нагадваць грамадзянам, што ў арганізацыі, якая займаецца доглядам аб’ектаў расліннага свету, маецца кваліфікаваны эксперт, які вырашае — пашкоджанае дрэва ці не. Рашэнне на ліквідацыю прымаецца выключна ім у выпадку, калі іншыя меры немагчымыя. Тым болей што пазбаўленне ад дрэва — надзвычай затратная для дзяржаўнага бюджэту справа.
Алена КАРПЕНКА.