Ніна Арбузава: «Сям’я і праца аднолькава важныя для жанчыны»

У Год беларускай жанчыны мы працягваем расказваць пра працаўніц раёна ў рамках медыяпраекта раённай газеты «Быць гаспадыняй свайго лёсу». 50 год без чатырох месяцаў — з такім працоўным стажам пайшла на заслужаны адпачынак гераіня аповеду Ніна Іванаўна Арбузава. З іх 35 год аддала прафсаюзнай справе раёна — працавала галоўным бухгалтарам Бабруйскага райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Пабыўшы чатыры гады “чыстай пенсіянеркай”, як з усмешкай заўважае субяседніца, яна вярнулася да актыўнага грамадскага жыцця і вось ужо амаль пяць год з’яўляецца адказным сакратаром Бабруйскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Дапамагае старшыні Яўгеніі Доўнар выбудоўваць работу з пажылымі вяскоўцамі, якія, кожны ў свой час, працавалі на развіццё раёна.


“З сельскай гаспадаркай звязаны ўсесь мой лёс”, — кажа Ніна Іванаўна і ўдакладняе, што штуршок да выбару прафесійнага накірунку зрабіла само жыццё.
— Я вырасла на гомельскім Палессі, у вёсцы Жыткавіцкага раёна, — расказвае гераіня аповеду. — Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, і ў кожнага з нас, пяцёра дзяцей, былі свае абавязкі, не выканаць якія не прыходзіла нават у галаву. Акрамя хатняй работы пасвілі жывёлу, штолета нарыхтоўвалі разам з дарослымі сена, працавалі ў агародзе. Калгас у нашай вёсцы не сказаць каб быў трывалым, а з часам і ўвогуле заняпаў — з працай прыходзілася няпроста. Але выручаў лес, які пачынаўся адразу за населеным пунктам. На працягу амаль усяго года мы з бацькамі, гэтак, як і іншыя аднавяскоўцы, нарыхтоўвалі чарніцы, журавіны, іншую ягаду, грыбы, жалуды… Здавалі іх у нарыхтоўчыя пункты ці сырымі, ці ў высушаным выглядзе. Таксама па вёсцы ездзілі “анучнікі”, скуплялі лішкі сельгаспрадукцыі, у тым ліку сушоныя яблыкі, грушы, ягаду. Звычайна гэтыя грошы ішлі на падрыхтоўку нас, дзяцей, да школы.
Сельскі ўклад жыцця для выпускніцы мясцовай школы-дзесяцігодкі Ніны быў блізкім і зразумелым, таму за атрыманнем прафесіі дзяўчына паехала ў Бабруйскі аграрна-эканамічны каледж. Ды так на Бабруйшчыне і засталася.
Працавала рахункаводам-касірам у міжраённым атрадзе па ахове раслін. Пасля далучэння атрада да “Сельгастэхнікі” — бухгалтарам у Цітаўскім спецаддзяленні прадпрыемства. Калі апошняе ў выніку рэарганізацыі далучылі да “Сельгасхіміі”, стала працаваць там спецыялістам па нармаванні працы і заработнай плаце. У тыя ж гады завочна ўдасканальвала прафесійныя веды, засвойвала бухгалтарскую справу ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, а разам узначальвала прафсаюзную пярвічку прадпрыемства. Да грамадскіх, як і працоўных абавязкаў, Ніна Іванаўна падыходзіла надзвычай сур’ёзна, таму неўзабаве ёй прапанавалі перайсці на работу інструктарам-рэвізорам у Бабруйскі райкам прафсаюза работнікаў АПК, які на той час узначальваў Віктар Мікалаевіч Сарокін.
Гэтая прафсаюзная структура на той час была даволі разгалінаванай — у штаце было каля 10 чалавек, і займалася шырокім колам накірункаў, у тым ліку сацыяльным страхаваннем.
У пачатку 90-х Ніна Арбузава стала галоўным бухгалтарам райкама прафсаюза і працавала ў гэтай пасадзе аж да сярэдзіны 2017 года. За гады яе работы змяніўся не адзін старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК. З цеплынёй субяседніца згадвае кожнага: Міхаіла Лявонавіча Тапаркова, Уладзіміра Мікалаевіча Чайко, Сяргея Іванавіча Феднева (цяпер сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі).
— Работы ў мяне, асабліва на пачатку прафсаюзнай дзейнасці, было надзвычай шмат: і з паперамі, і непасрэдна з людзьмі. У прафсаюзе АПК адных толькі пярвічак было каля 80-ці. Шырока была пастаўлена работа па аздараўленні працаўнікоў сельгаскай гаспадаркі. Магчымасці былі вялікімі. Пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне маглі падабраць такім чынам, што адпачываць вяскоўцы ехалі ўсёй сям’ёй. Ды і геаграфія для адпачынку была шырокая. У канцы 80-х, пасля катастрофы на ЧАЭС, прапаноўвалі адпачынак нават у санаторыях Азербайджана. Працэдуры там, як пасля дзяліліся працаўнікі, здымалі шмат праблем са здароўем. Вылучалі пуцёўкі і ў Нальчык, Сочы, Крым — па ўсім Саюзе. Людзі з задавальненнем ехалі, тым болей што ўласная аплата для работнікаў ферм і палёў складала ўсяго 10 працэнтаў, астатняе браў на сябе прафсаюз, — расказвае субяседніца.
Пачынаючы з вясны, напружана працавалі па арганізацыі дзіцячага летняга адпачынку ў “Каласку”. Лагер (цяпер “Бабраня-2010”) тады належаў раённаму прафсаюзу АПК. “Арганізацыя заездаў і ад’ездаў, харчаванне, падборка кадраў — усё гэта было на нас. У якасці выхавальнікаў запрашалі будучых педагогаў, навучэнцаў каледжаў з новымі ідэямі і прапановамі. Дзецям у лагеры вельмі падабалася, вольных месцаў ніколі не было”, — дадае яна.

Не з меншым захапленнем расказвае Ніна Іванаўна пра ўласную сям’ю. Мужа Леаніда колькі год як не стала. Брат жыве ў Расіі, сёстры — адна ў Мазыры, адна — на малой радзіме, куды гераіня аповеду штогод наведваецца. Гонар, шчасце і радасць Ніны Іванаўны — дзве дачкі і іх сем’і, якія падаравалі гераіні аповеду багаты скарб — пяцёра ўнукаў і праўнучку.
Ці памяняла б лёс, каб такая магчымасць была? Ніна Іванаўна адмоўна ківае. “У мяне цудоўная сям’я, — кажа яна, — мне радасцю была работа, я шчаслівая, што і цяпер магу прыносіць карысць. Мару толькі пра адно — каб здаровымі былі родныя і каб мірным было неба”.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
#ГодБелорусскойЖенщины
#МедиапроектСМИ
#ЖенщиныБобруйскогорайона