Народны майстар Беларусі Юрый Боўда адзначыў 55-годдзе прафесійнай дзейнасці

55-год прафесійнай дзейнасці споўнілася 1 лютага Народнаму майстру Рэспублікі Беларусь, майстру народных мастацкіх рамёслаў ДУК “Цэнтр рамёслаў пас. Глуша” Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бабруйскага раёна Юрыю Іванавічу Боўдзе. У мінулым годзе за высокія дасягненні ў грамадска-культурнай дзейнасці Юрыю Іванавічу прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Бабруйскага раёна”.
Найлепшая праца тая, якая прыносіць задавальненне — упэўнены народны майстра. У гэтым плане, па словах Юрыя Іванавіча, яму пашчасціла. Больш за паўвека ён займаецца тым, чым па-сапраўднаму захапляецца, што грэе яго душу і радуе іншых. Маючы прызнанне на высокіх узроўнях, безліч прыхільнікаў і паслядоўнікаў, Юрый Боўда, між тым, застаецца адданым роднай зямлі і куточку, дзе нарадзіўся, адкуль яго карані.

Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Юрыя Іванавіча пачаўся рух за адраджэнне, захаванне і развіццё ганчарнай справы на Бабруйшчыне. Цяпер яго працамі захапляюцца наведвальнікі Дзяржаўнага музея Беларусі, музея Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскага музея этнаграфіі, Гродзенскага музея рэлігіі і атэізму, Бабруйскіх краязнаўчага і раённага гісторыка-краязнаўчага музеяў і інш. культурных устаноў краіны. Арыгіянальныя творы аўтара адзначаліся на выставах народнай творчасці ў Галандыі, Германіі, Францыі.

Пачаўшы працоўную дзейнасць у 1971 годзе ў керамічным цэху пас. Цітаўка, работу з глінай Юрый Іванавіч адточваў гадамі і дзесяцігоддзямі. Стаўшы вопытным і вядомым майстрам, перайшоў на выкладніцкую дзейнасць у Бабруйскі прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж №15 (цяпер каледж імя Ларына), адначасова навучаўся ў Віцебскім педуніверсітэце па спецыяльнасці “Настаўнік чарчэння і малявання”. За часы працы ва ўстанове выпусціў звыш 45 спецыялістаў, а спіс паслядоўнікаў налічвае больш за 100 чалавек.
Падчас працы мастаком-афармляльнікам Цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна адкрыў майстэрню, дзе выключна ўсё стварыў уласнаручна і з дапамогай брата Валерыя. Сярод іх інавацый — ровар, педалі якога прыводзяць у рух ганчарны круг. Юрый Іванавіч валодае старадаўнімі тэхналогіямі вырабу глінянага посуду, якому ў 2010 годзе прысвоены статут гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Народны майстар — актыўны ўдзельнік раённых, абласных культурных мерапрыемстваў, яго вырабы — упрыгожанне творчыў выстаў. Дзякуючы такім людзям як Юрый Іванавіч Боўда старадаўнія рамёствы беларусаў захаваны, навуку працы з глінай зведаюць нашчадкі.

Даведачна
З 1997 года Юрый Боўда — член Беларускага саюзу майстроў народнай творчасці. У 1998-м — уладальнік Гран-пры на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску (у рамках фестывалю быў кіраўніком праекта ганчарнай творчасці “Гліна, агонь і майстры”). У 2000-м годзе ўзнагароджаны спецыяльным прызам Міжнароднага конкурсу майстроў народных рамёслаў і промыслаў. У 2002-м —пераможца міжнароднага фестывалю ганчароў у намінацыі “За адданасць рамяслу”. У 2003-м атрымаў званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. У 2005-м яму ўручаны дыплом — сведчанне аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2007-м годзе Юрый Боўда ў складзе дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам прадстаўляў Беларусь у Венесуэле. Усяго ў творчай скарбонцы вядомага ганчара больш за 120 грамат і дыпломаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, раённых фестываляў і конкурсаў.