21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Сэнс гэтага свята – захаванне моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
Родная мова — гэта частка нашага культурнага і духоўнага багацця, яна фарміруе нашу самасвядомасць і адрознівае ад іншых народаў. Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года.
«Хто забыў сваiх продкаў — сябе губляе. Хто забыў сваю мову — ўсё згубiў» (Уладзiмiр Караткевiч). «Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю» (Якуб Колас).
Беларуская мова мае багатыя гістарычныя карані і пастаянна ўзбагачаецца новымі словамі і выразамі. Яна з’яўляецца крыніцай нацыянальнай ідэнтычнасці і культурных традыцый, аднак захаванне роднай мовы патрабуе пастаяннай увагі і намаганняў. Усе мы павінны клапаціцца пра тое, каб беларуская мова заставалася жывой і развівалася.