Акцыя “Ад усёй душы” завітала ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў у Вішнёўцы

Калі для дзяцей найболей чаканае зімовае свята — Новы год, то для састарэлых людзей, бясспрэчна, Ражство ці Каляды.

Павіншаваць з навагоднімі святочнымі датамі жыльцоў аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў у Вишнёцы прыехалі прадстаўнікі раённай улады: старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Крыцкі, намеснік старшыні Таццяна Варанко, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Пясоцкая, прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа.


— Ад шчырага сэрца жадаю, каб ваш настрой у сценах гэтага ўтульнага дома, дзе створаны ўсе ўмовы для якаснага жыцця, заўжды быў бадзёрым, каб усе вы былі здаровымі, радаваліся кожнаму дню, — адзначыў, звярнуўшыся да прысутных, Міхаіл Крыцкі і разам з іншымі ўручыў бабулям і дзядулям, іншым пастаяльцам салодкія падарункі.







Не меней чаканай для жыльцоў сацыяльнай установы стала сустрэча з Дзедам Марозам і Снягуркаю. Яны з захапленнем адгадвалі Марозавы загадкі, віншавалі гасцей за навагоднія падарункі, з запалам падхоплівалі знаёмыя радкі песень, якія выконвалі для іх ўдзельнікі вакальнай групы “Чапурушачкі”. А яшчэ — дружна рукапляскалі медыцынскай сястры аддзялення Наталлі Нарвілас падчас уручэння ёй кіраўніком раёна Ліста ўдзячнасці за добрасумленную працу і ў сувязі з прафесійным святам.



Сёння ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў, як адзначыла загадчык аддзялення Марыя Ратнікава, пражывае 61 чалавек. Па словах дырэктара раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяны Тарасевіч, клопат пра людзей, якія па розных прычынах апынуліся ў сценах сацыяльнай установы, ажыццяўляе дружны, адказны, працалюбівы, прафесійны калектыў.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.