«Родная вёска — гэта твой дом, твае карані». Гарбацэвічы адсвяткавалі дзень нараджэння

Мы ўсё часцей сталі заўважаць і шанаваць сапраўдныя месцы чалавечага цяпла і шчырай гасціннасці. Такім кутком для сваіх жыхароў сёння стаў аграгарадок Гарбацэвічы, які шырока і хлебасольна адзначыў сваё штогадовае свята — Дзень вёскі. Яму споўнілася 386 год з дня стварэння.







Урачыстасць была прысвечана людзям, якія тут жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей, славяць малую радзіму добрымі справамі. Арганізатары — Гарбацэвіцкі сельскі выканкам і калектыў мясцовага СДК — пастараліся зрабіць так, каб мерапрыемства пакінула самыя прыемныя ўражанні.
Павіншаваць жыхароў аграгарадка з гістарычнай датай прыбылі ганаровыя госці: старшыня Бабруйскага райсавета ветэранаў Яўгенія Доўнар, старшыня РА ГА «БелТІ» Любоў Шушлянікава, прадстаўнік ААТ «Агракамбінат Бабруйскі» Алена Рыбчанка, дырэктар ПГУП «Дзімір» Ірына Прэсняк, дырэктар Гарбацэвіцкай СШ Таццяна Гацук і інш.








Цэнтральнай часткай свята стала канцэртна-віншавальная праграма. Але гэта быў не проста канцэрт — са сцэны гучалі песні і вершы ў выкананні творчых калектываў і салістаў раённага Цэнтра культуры і Гарбацэвіцкага СДК, але і словы глыбокай падзякі. Цяпло вітала землякоў выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Вікторыя Літвінчык. Яна павіншавала з днём нараджэння шматвяковага, але па-ранейшаму маладога і перспектыўнага аграгарадка. Па словах Вікторыі Дзмітрыеўны, вёска — заўсёды асаблівае месца, народныя вытокі мудрасці, духоўнасці, непераходзячых культурных каштоўнасцяў. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да мінулага, і сённяшняга дня Гарбацэвічаў. Яна ад душы пажадала жыхарам населенага пункта далейшага працвітання, дабрабыту ва ўсім, правяла цырымонію ўзнагароджання ў намінацыі «Адраджэнне малой радзімы». На сцэну паднімаліся людзі — сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё вёскі і раёна. Гэта Аляксандр Красімаў, Аляксандр Фёдараў, Алена Емяльянава, Сяргей Гацук, Ніна Рослік, Андрэй Харашун, а таксама Людміла Логінава, якая правяла велізарную, крапатлівую работу па адраджэнні мясцовага храма.


Цікавым было апавяданне вядучых пра гісторыю роднага населенага пункта, насычаную шматлікімі падзеямі. І, вядома, у такі дзень успомнілі аб трагедыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб усіх загінуўшых прагучала песня «Плакала зямля беларуская» у выкананні Наташы Юша.



Кіраўніка мясцовай адміністрацыі дапоўнілі і іншыя госці, якія казалі пра тое, што няма нічога ў жыцці даражэй за малую радзіму, і што самае лепшае, што стваралася працай старэйшых пакаленняў на гарбацэвіцкай зямлі, беражліва захоўваецца і перадаецца нашчадкам. Яны жадалі вяскоўцам здароўя, міра і дабрабыту, таксама адзначылі жыхароў аграгарадка за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і работнікаў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый за прафесіяналізм і працавітасць. Узнагароды атрымалі ветэраны працы, жывёлаводы, механізатары, вадзіцелі, педагогі, работнікі гандлю, прадстаўнікі праваахоўных органаў, валанцёры і шмат іншых, хто сваёй працай, любоўю і адданасцю стварае гісторыю роднай зямлі.



Далучылася да ўсіх віншаванняў і Яўгенія Доўнар. Яна выканала прыемную місію — уручыла падарунак і Падзяку ад Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў старшыні Гарбацэвіцкай пярвічкі Ларысе Асіповіч за плённую працу па патрыятычным выхаванні моладзі. Ад раённай ветэранскай арганізацыі падарунак — загадчыку Гарбацэвіцкім СДК Наташы Юша за ўзаемадзеянне.


«Вы таленавітыя людзі, ініцыятыўныя і гасцінныя. Жадаю каб і надалей Гарбацэвічы развіваліся і квітнелі, а жыхарам моцнага здароўя і міру», — пажадала Яўгенія Доўнар.















Для гасцей свята арганізавана была выстава з вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Цэнтра рамёстваў пас. Глуша, прайшоў майстар-клас, які правяла загадчык Лаура Фамцова. Працавала гандлёвая палатка з сувенірамі, усе жадаючыя маглі пачаставацца печывам, цукеркамі і салодкімі напоямі.







Дзень вёскі ў аграгарадку Гарбацэвічы — гэта значна больш, чым проста выходны дзень з канцэртам. Гэта сацыяльны пасыл, калі праца простага механізатара ці работніка гандлю становіцца публічна бачнай і ганаровай. Гэта магчымасць для старэйшага пакалення перадаць вопыт, а для малодшага — адчуць сваё дачыненне да гісторыі і традыцый. Падобныя святы ўмацоўваюць веру людзей у сваю малую радзіму, матывуюць заставацца і працаваць тут, развіваючы яе.
Алена БРАІЛІЦА.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.