Дэпутат Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з жыхарамі і актывістамі Вішнёўскага сельсавета

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Антон Каранкевіч у рамках плана работы з выбаршчыкамі сустрэўся з жыхарамі і актывістамі Вішнёўскага сельскага Савета.
Распавёў аб рабоце Палаты прастаўнікоў, камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці, членам якой з’яўляецца. Парламентарый падрабязна спыніўся на актуальнай тэме кібербяспекі і прафілактыкі кіберзлачыннасці, заклікаў грамадзян праяўляць абачлівасць у дачыненні тэлефонных махляроў. Засяродзіў увагу на будаўніцтве трэцяга энергаблока Астравецкай атамнай электрастанцыі, патлумачыў выгоду краіне і грамадзянам ад гэтага. Пацікавіўся ў жыхароў сельсавета хвалюючымі пытаннямі.


Апошнія сапраўды былі і датычыліся ў асноўным энергаспажывання. У прыватнасці, стараста в. Стасеўка звярнуўся да дэпутата з просьбай пасадзейнічаць у рэканструкцыі другой паловы электрасетак населенага пункта, што дазволіць усім жадаючым падключыць электраацяпленне. Жыльцы шматкватэрных дамоў па вуліцы Савецкай у Вішнёўцы папрасілі знайсці рашэнне пытанню падключэння іх дамоў да электраацяплення.
Паднятыя пытанні Антон Каранкевіч прыняў да ведама. Тыя, што датычыліся рэканструкцыі энергасістэмы, тут жа паставіў перад кіраўніцтвам раённых электрасетак. Адказы на іх грамадзяне атрымаюць у вызначаныя тэрміны.
— Выкарыстоўваю кожную магчымасць для вывучэння праблем выбаршчыкаў, радуюся, калі ўдаецца дапамагчы, — адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Яшчэ адным пунктам парадку дня дэпутата быў маніторынг магазінаў на тэрыторыі Вішнёўскага сельсавета. Антон Міхайлавіч пацікавіўся шырынёй асартыменту тавараў, цэнамі, у тым ліку на садавіну і гародніну.


Тэкст і фота Алены КАРПЕНКА.