Не пакінуць без увагі! Ветэранская арганізацыя працягвае віншаваць членаў-актывістаў

12 чэрвеня старшыня раённага Савета ветэранаў Яўгенія Уладзіміраўна Доўнар наведала жыхарку Гарбацэвічаў, лідарку мясцовай ветэранскай “пярвічкі” Ларысу Мікалаеўну Асіповіч з прыемнай нагодай — падзякаваць за добрасумленную шматгадовую працу, пажадаць здароўя, дабрабыту і міру. Павіншаваўшы актывістку ветэранскага руху з 70-годдзем, уручыла падарунак ад раённай арганізацыі.
Не абыйшло ўвагай шаноўную юбілярку і мясцовае сельгаспрадпрыемства, якому Ларыса Асіповіч аддала не адзін дзясятак год працы — была інспектарам аддзела кадраў. Цёплыя словы падзякі за неацэнны ўнёсак у работу гаспадаркі, падарунак і букет руж імянінніца атрымала з рук галоўнага эканаміста ААТ “Агракамбінат Бабруйскі” Алены Уладзіміраўны Рыбчанка.
Гарбацэвіцкая ветэранская “пярвічка”, якую Ларыса Мікалаеўна ўзначальвае, налічвае больш за 250 членаў. Многія з іх, гэтак жа, як і сама лідарка, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі шматлікіх раённых і мясцовых ініцыятыў і мерапрыемстваў. З апошняга — удзел у суботніку па навядзенні парадку і чысціні ў аграгарадку.



Тэкст і фота Алены КАРПЕНКІ.