У “Міхалёўскай ніве” сеюць кукурузу

Пасля завяршэння сяўбы ранняй ярыны — збожжавых і зернебабовых, пад якія сёлета адвялі 810 гектараў, у ААТ “Міхалёўская Ніва” прыступілі да сяўбы кукурузы. Гэтай раслінай плануюць заняць 1400 гектараў (з іх 200 га — на зерне), і па стане на раніцу ўчарашняга дня ўжо 100 га было пасеяна. Дадзеным відам работ у гаспадарцы займаецца перадавік вытворчасці Іван Макееў.
Яго тэхніку — трактар Беларус-1221 з сеялкай СТВ-8 на полі паблізу в. Міхалёва-3 прыкмецілі здалёк — суправаджаў клуб пылу. Зрэшты, Івана Уладзіміравіча дадзеная акалічнасць не бянтэжыла. Настрой на працу, як заўважыў механізатар, у яго выдатны — прыемна ўсведамляць, што непасрэдна датычны да ўраджаю, які дасць зямля ўвосень.
Адначасова ў сельгасарганізацыі рыхтуюць глебу пад сяўбу кукурузы. За гэтай работай засталі вопытнага хлебароба Міхаіла Ганчарова на высокавытворчым трактары Беларус-3522 з КШП-10. Падрыхтоўкай глебы Міхаіл Іванавіч займаўся і да цяперашняга абавязку — праводзіў культывацыю і дыскаванне палёў.
Не забываюцца ў сельгаспрадпрынмстве таксама і на догляд пасеваў — праводзяць хімпраполку азімых збожжавых (1950 га) і рапсу (370 га) ад пустазелля.
— Калектыў працуе, кожны сумленна выконвае сваю работу, каб увосень мець добры ўраджай, —
адзначыў Ігар Ганчароў.



Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.