Поўным ходам вядзецца пасадка бульбы ў сялянска-фермерскай гаспадарцы «Гайшун»

Пасадкай бульбы займаюцца не толькі ў раённых сельгасарганізацыях. Гэты веснавы клопат сёння на парадку дня і ў сялянска-фермерскай гаспадарцы “Гайшун”, што ў Гарбацэвіцкім сельсавеце.
Механізаваны атрад з двух пасадачных машын і двух адзінак тэхнікі, якая падвозіла насенне, пад наглядам кіраўніка фермерскай гаспадаркі Сяргея Гайшуна, справіўшыся з адным бульбяным полем, перамясціўся на другое — паблізу в. Бабоўе. Гектары здалёк прывабліваюць дагледжанасцю, відаць, што падрыхтоўку глеба прайшла якасную.
— Бульбы сёлета запланавалі пасадзіць 45 гектар, пераважна (90%) гатунку “Брыз”. Гэтыя клубні найлепш захоўваюцца, не губляюць якасці падчас транспарціроўкі, маюць высокія смакавыя паказчыкі — карыстаюцца попытам у пакупнікоў, — кажа Сяргей Уладзіміравіч.
Як і спецыялісты раённых сельгасарганізацый, фермер упэўнены — на ўраджайнасць бульбы шмат уплывае тэхналагічны падыход да пасадкі культуры і якасць догляду расліны на працягу ўсяго перыяду росту. І таго і другога ў гаспадарцы прытрымліваюцца. Між тым ёсць яшчэ адзін немалажны складнік — надвор’е, з якім не паспрачаешся.
Праўда, апошняе, як кажа гаспадар, — не повад для песімізму: ураджай амаль заўжды карыстаецца попытам і прыносіць прыбытак фермерскай гаспадарцы.






Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.