Темы

Дзверы Плёскага ФАПа адчынены кожнаму

Дзверы Плёскага ФАПа адчынены кожнаму

Так можна сказаць пра дзейнасць любой медустановы на сяле і Плёскага фельчарска-акушэрскага пункта ў прыватнасці.

Жыхарка населенага пункта і колішняя гараджанка Валянціна Іванаўна, якую засталі на прыёме ў памочніка ўрача, сходу пералічвае перавагі сельскай медустановы:

— Гэта ж такая зручнасць — прыйшоў, і цябе адразу прынялі. А то і сама доктарка дамоў наведаецца, пацікавіцца самаадчуваннем, даўленне памерае, таблетку, калі трэба, прапіша, парад надае. Без ФАПа нам аніяк, мы ж тут у асноўным пажылыя людзі, а ў пажылых, як ведаеце, хвароб за жыццё набярэцца, — эмацыйна кажа жанчына. Алу Леанідаўну пацыентка называе не інакш як “наша ратавальніца”. На нас жа — групу карэспандэнтаў, глядзіць з недаверам: ці раптам не прыехалі ФАП зачыняць?

Шырокая ўсмешка загадчыка ФАП Алы Сіліч, у адной асобе памочніка ўрача і акушэркі,  пацыентку відавочна суцяшае. Забраўшы лекі (іх таксама можна атрымаць на ФАПе), жанчына нетаропка саступае месца наступнаму наведвальніку. Немалады мужчына  прыйшоў хоць і з палачкай, але на здароўе, як нам заўважыў, асабліва не наракае.  

— Да медыка на сяле людзі ідуць не толькі з прычыны фізічнай нямогласці. Іншым патрабуецца дапамога словам: выгаварыцца, расказаць, што хвалюе, пачуць падтрымку,— кажа Ала Леанідаўна.

Акруга, якую фельчарска-акушэрскі пункт абслугоўвае, хоць і не надта вялікая — крыху болей за 300 чалавек (жыхары Плёсаў і навакольных вёсак), абавязкаў у медыка хапае. Да 12 гадзін — прыём пацыентаў непасрэдна на ФАПе: выслухаць, правесці агляд, вымераць ціск, зрабіць, калі патрабуецца, ЭКГ, выканаць іншыя мерапрыемствы ў межах дыспансерызацыі, пры неабходнасці — працэдурныя маніпуляцыі, аказаць неадкладную медыцынскую дапамогу. Пасля абедзенага перапынку, які паўгадзіны, памочнік урача накіроўваецца на патранаж.

— Калі маюцца выклікі на дом, іду найперш да такіх пацыентаў. Калі выклікаў няма, вызначаю для сябе вуліцу ў тым ці іншым населеным пункце (для перамяшчэння маецца ровар) і наведваюся запар у кожны дом: раблю агляды, цікаўлюся станам здароўя. Пры падазрэнні на хваробу выклікаю “хуткую дапамогу” або раю прыйсці на прыём у дзень прыезду ўрача з Цялушскай участковай бальнiцы, які бывае ў нас двойчы на месяц, — расказвае аб распарадку свайго дня Ала Леанідаўна.

Умовы для акушэрскага агляду жанчын на ФАПе таксама створаны — месца для гэтага адведзена ў працэдурным кабінеце.

Значную дапамогу фельчарска-акушэрскаму пункту аказвае перасоўны медыцынскі комплекс ці так званы ФАП на калёсах, які вось ужо колькі месяцаў функцыянуе на тэрыторыі раёна і на якім да пацыентаў  аддаленых вёсак прыязджае памочнiк урача па амбулаторна-палiклiнiчнай дапамозе (загадчык) перасоўнага ФАПа. Для работы на ім пры неабходнасцi прыцягваюцца ўрачы -спецыялісты, іншыя медыцынскія работнікі, якiя вяскоўцам могуць і зуб залячыць, і зрабіць забор аналізаў, выканаць іншыя мерапрыемствы ў межах дыспансерызацыі, пракансультаваць адносна прафілактыкі хвароб. Графік прыезду машыны паведамляецца загадзя, у сувязі з ім сяльчане і плануюць наведванне медыкаў.

Плёскі ФАП, хоць і стаіць паўз шашы, — сапраўднае ўпрыгожанне населенага пункта. Невялічкае акуратнае збудаванне і тэрыторыя навокал радуюць вока чысцінёй і дагледжанасцю.  Дадзены бок справы і на самой загадчыцы, і на санітарцы, якая працуе тут на паўстаўкі. Неабходную  дапамогу аказвае гарадская паліклініка №2. “Калі што патрабуе рамонту, спецыяліст прыязджае, ацэньвае — і своечасова праводзяцца рамонтныя работы”, — кажа загадчыца.

***

Увогуле, Ала Сіліч упэўнена — стварыць утульнасць на працы, на рабочым месцы здольны той, хто любіць сваю прафесію. Сама яна пра медыцыну марыла з дзяцінства. А таму, калі прыйшоў час вызначацца з будучыняй, не задумваючыся ўзяла накірунак ад Бабруйскай аховы здароўя і павезла дакументы ў мясцовае  медвучылішча. Атрымаўшы дыплом фельчара-акушэра, вярнулася на родную Бабруйшчыну. Непасрэдна ў Плёсах працуе з 1992 года. У гэтым населеным пункце мужу ад сельгасарганізацыі, дзе ён працаваў, вылучылі дом, што для маладой сям’і і стала вырашальным. 

З часам сям’я абжылася, у тым ліку дзецьмі. У Сілічаў тры дачкі, ёсць два ўнукі і дзве ўнучкі. У вольны ад работы час Ала Леанідаўна радуе сябе любімым заняткам — вяжа для іх сукенкі і кашулькі. Зрэшты, адна з дочак таксама медработнік — працуе медрэгістратарам у Цялушскай участковай бальніцы. 

Разважаючы пра замацаванне моладзі ў сельскіх установах, медык са стажам заўважае, што “умовы для работы створаны добрыя”, а блізкасць да Бабруйска і прадуманыя транспартныя зносіны дазваляюць ездзіць на работу, жывучы і ў горадзе. Што да здароўя мясцовых жыхароў, то многае, па словах субяседніцы, залежыць ад  саміх людзей. І вяскоўцы ў гэтым плане розныя. Адны ідуць да доктара нават пры нязначных зменах у дзейнасці арганізма — і гэта правільна, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Іншых не даклікацца нават пры прыкметнай нямогласці.

Але дзеля гэтага і адчынены дзверы Плёскага ФАПа, і будуе сваю работу Ала Леанідаўна, каб усе без выключэння вяскоўцы былі пад яе пільным медыцынскім наглядам.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Віктара ШЭЙКІНА.    

Последние новости

Общество

22 апреля прямую телефонную линию проведет начальник Могилевской таможни

20 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Рыбные места, фактор Санчеса и субботник в музее. Итоги недели Президента

20 апреля 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Гороскоп на неделю с 20 по 26 апреля для всех знаков зодиака

20 апреля 2026
Читать новость
Человек и природа

Погода 20 апреля в Могилевской области

20 апреля 2026
Читать новость
Культура

В Бобруйском районном Центре культуры прошли конкурсы военно-патриотической песни и чтецов

19 апреля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

Итог совместного распития спиртного супругами: лечение одному, лишение свободы – другому

19 апреля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем