Темы

Нежаночая справа ў жаночых руках

Нежаночая справа ў жаночых руках

Сённяшнія гераіні аповеду — жанчыны-трактарысткі СВК “Гігант”, якія ў розныя часы адважыліся прымераць на сябе мужчынскую прафесію — сесці за штурвал жалезнага каня.

Таццяна Пятроўна Шапялевіч — цяперашняя трактарыстка “Гіганта”. Працуе ў гэтай прафесіі цэлых тры дзясяткі год. Не пакінула свой занятак жанчына і на заслужаным адпачынку і, як кажа, ні за што б не памяняла на іншы.

Сустрэча наша з Таццянай Пятроўнай у адзін з дзён напярэдадні святочнай даты адбылася непасрэдна на яе працоўным месцы. Непадалёк Вялікіх Бортнікаў, на ўскрайку поля, што прымыкае да шашы на аг. Міхалёва, будаўнічая брыгада СВК “Гігант”, у складзе якой і Таццяна Шапялевіч, займалася абрэзкай непатрэбнай расліннасці. Задача гераіні аповеду заключалася ў тым, каб перавозіць сухастой да месца складзіравання.
Трактарок “Беларус-320”, якім Таццяна Пятроўна запраўляе больш за 20 год, якраз пад стаць жанчыне: невялічкі і жвавы. Дзякуючы гэтаму, а найперш майстэрству кіроўцы, з лёгкасцю праходзіць там, дзе іншай тэхніцы зманіпуляваць складана. У калектыве мужчын Таццяна Пятроўна, як кажа, не губляецца: даўно знайшла падыход да моцнай паловы чалавецтва. Свой трактар за гады працы ўспрымае, як жывую істоту, ставіцца да яго з вялікай пашанай.
І заўжды — шырока ўсміхаецца. Бо любую справу, як лічыць субяседніца, трэба рабіць з выдатным настроем. Толькі тады яна ладзіцца і можна дасягнуць добрага выніку.
Таццяна Пятроўна — яшчэ і выдатная гаспадыня. Нягледзячы на занятасць яе і мужа (таксама работніка сельгаспрадпрыемства) — трымае вялікую гаспадарку, з радасцю чакае ў госці дзяцей і ўнукаў.
— Таццяна Шапялевіч — сёмая па ліку жанчына-трактарыстка “Гіганта”, — расказ­вае ветэран працы, колішні намеснік старшыні праўлення СВК Мікалай Аляксанд­равіч Сакун. — Акрамя яе ды Клаўдзіі Уладзіміраўны Бабковай у гэтай нялёгкай прафесіі ў розныя гады працавалі Ніна Яўгенаўна Цэд, Любоў Піліпаўна Гарэлік (уладальніца ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Працоўнай Славы 3-й ступені), Таццяна Аляксандраўна Бабкова, Ала Рыгораўна Шапялевіч (жыве ў Малых Бортніках) і Галіна Леанідаўна Цэд (жыхарка Малых Бортнікаў).
Быць трактарыстам у сельгасвытворчасці — і ўвогуле нялёгкая праца, для жанчыны — тым болей. Таму ўсе з іх, хто ўсклалі на сябе такі абавязак, заслугоўва­юць асаблівай падзякі і пашаны.

***

Клаўдзіі Уладзіміраўне Баб­ковай з Вялікіх Бортнікаў хутка 87 год, хоць на свой узрост яна ніколькі не выглядае. За плячыма жанчыны — галоднае і халоднае ваеннае маленства, ад якога застаўся на памяць фота­здымак, зроблены нямецкім салдатам, які любіў дасы­лаць жонцы ў Нямеччыну пабачанае навокал, ды пяшчота бацькоўскіх рук, які, перш чым назаўжды схавацца за “гарушкай” Рагачоўскай шашы (пайшоў абараняць Радзіму), да вясковай ваколіцы нёс яе, маленькую, на руках.

За плячыма — складанае пасляваеннае аднаўленне краіны. Зарабляць грошы — працаваць у “малочнай” дзяўчынка пайшла ў 12 год. Пазней мыла посуд у мясцовай сталоўцы, была за свінарку, у агароднай брыгадзе. А аднойчы, падчас калгаснага сходу, на якім ішла размова пра неабходнасць узмацнення механізацыі сельгаспрадпрыемства, падумала — чаму б не пайсці ў трактарысты?

— Ноч не спала, перш чым прыняць такое рашэнне, — смеючыся, кажа субяседніца. — І ўсё ж закладзеныя ў характар якасці: актыў­насць, баявітасць, цікаў­насць да новага і гатоўнасць да жыццё­вых змен перамаглі. Прайшла адпаведныя курсы. Каб увайсці ў курс справы, на працягу двух год выдавала запчасткі на мехдвары, прыглядалася да рамонтных работ, а пасля і дапамагала з імі.
Першы трактар, які Клаў­дзіі Уладзіміраўне даручылі, быў новенькім, але без кабіны. Працаваць на ім у маразы ці завею было сапраўдным выпрабаваннем. Куталася ў ватнюю адзежу, як магла, але і гэта не ратавала ад холаду. Праз два гады перасела на іншы трактар, ужо з кабінай, праўда, апошнюю ўдасканальвала сама са спісанага ў гаспадарцы транспарту. Маючы тэхнічны склад розуму, жанчына прыдумала і з дапамогай калгаснага зваршчыка змайстравала надзейнае прычапное. Авалодала майстэрствам не толькі ва­дзіць жалезнага каня, але і яго рамантаваць, лепш за іншых калег-мужчын магла вырашыць сітуацыю з патрапленым у яму колам. Трактарысткай Клаўдзія Уладзіміраўна адпрацавала без малога 20 год. Дома пры гэтым трымала вялікую гаспадарку.

Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім. Гэта пра гераіню аповеду. Працуючы на трактары, нават у гарачыя поры сяўбы і жніва Клаўдзія Бабкова старалася не прапусціць рэпетыцыі мясцовага хору. З калектывам самадзейных артыстаў пабыла не толькі шмат дзе ў Расіі, але і ў Польшчы, Чэхаславакіі. А яшчэ яна выдатная рука­дзельніца. Нягледзячы што перамяшчаецца ў вазку, ні дня не сядзіць без справы. Працяглы час займалася вышыўкай карцін, якіх у сям’і цэлая калекцыя. Цяпер жа прыдумвае і ўвасабляе ў малюнкі арнаменты з кветак і раслін Беларусі, роднай сэрцу Бабруйшчыны, якую бязмежна любіць, развіццю якой прысвяціла ўсё сваё працоўнае жыццё.

Алена КАРПЕНКА. Фота Вiктара ШЭЙКIНА.

Последние новости

Общество

Состоялось очередное заседание постоянно действующей комиссии по координации работы по содействию занятости населения Бобруйского района

10 сентября 2026
Читать новость
Общество

В ОАО «Невский-Агро» говорили о значении Дня народного единства

10 сентября 2026
Читать новость
Общество

Вопросы профилактики производственного травматизма обсудили в Бобруйском районе

10 сентября 2026
Читать новость
Общество

Ирина Старовойтова встретилась с коллективом «Птицефабрики «Вишневка»

10 сентября 2026
Читать новость
Общество

На сайте «Белавиа» появилась возможность возврата билета онлайн 

10 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Предлагаемые новации в сфере лицензирования стали темой совещания у Президента 

10 сентября 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем