Да новых вынiкаў — праз новыя тэхналогii: у “Гіганце” ўдасканальваюць пасяўную тэхніку

У гэтыя дні на трактарах, якія будуць задзейнічаны на сяўбе ярыны: збожжавых і кукурузы, вядзецца ўстаноўка сістэмы аўтаматычнага кіравання для дакладнага земляробства. Па словах спецыялістаў, якія займаюцца ўсталяваннем “аўтапілоту”, апошні будзе браць на сябе частку працы механізатара і эканоміць матэрыяльныя і людскія рэсурсы гаспадаркі. Якім чынам — патлумачыў галоўны інжынер СВК Ігар Міхалёнак.
— Уявім сабе сяўбу. Раней падчас засейвання поля яравымі ці іншымі культурамі на пасяўной тэхніцы ўсталёўвалі спецыяльны маркер, і трактар хадзіў арыентуючыся на яго. Але гэта не заўжды ўдавалася — засушлівай парой, пры моцным ветры і вялікіх клубах пылу разглядзець зробленую маркерам метку было практычна немагчыма і часцяком дапускалася перакрыццё засеяных участкаў, што прыводзіла да страт пасяўнога і гаруча-змазачных матэрыялаў. Пры ўсталяваным падрульвальніку трактар аўтаматычна ідзе па зададзенай траекторыі, што выключае вышэйзгаданыя страты. Стыкавыя радкі пры гэтым атрымліваюцца дакладныя, з пагрэшнасцю ў 2-2,5 см, што зноў жа вядзе да эканоміі паліва, насення, мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы. А больш якасная сяўба — расліны знаходзяцца на аднолькавай адлегласці адна ад адной, раўнамерна выкарыстоўваюць спажыўныя рэчывы, не пашкоджваюцца пры руху трактара — да павелічэння ўраджайнасці культур.
Немалаважным з’яўляецца і палёгка працы механізатара — павелічэнне прыцягальнасці земляробчай справы. Пры ўсталяваным “аўтапілоце” механізатар ажыццяўляе сяўбу ці іншыя палявыя работы, не клапоцячыся аб дакладнасці руху тэхнікі нават у неспрыяльных умовах. Павялічваецца хуткасць тэхналагічных аперацый на палявых работах, што дазваляе ўкласціся ў агратэрміны.
Аснашчаць тэхніку аўтаматычнай сістэмай кіравання ў СВК “Гігант” прыступілі яшчэ ў мінулым годзе. Падрульвальнік тады ўсталявалі на двух трактарах. Сёлета, па словах Ігара Міхалёнка, гэтую работу працягнулі — на поле ўвесну выйдуць 5 адзінак удасканаленай тэхнікі, сярод якіх
4 энерганасычаныя трактары і “Беларус”-1221.3. Адпаведнае абсталяванне набыта і на 5 зерневых камбайнаў.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.