Темы

90 гадоў па жыцці з аптымізмам: віншаванні з Днём нараджэння прымае жыхарка в. Стасеўка, ветэран працы Ніна Гарбачэўская

90 гадоў па жыцці з аптымізмам: віншаванні з Днём нараджэння прымае жыхарка в. Стасеўка, ветэран працы Ніна Гарбачэўская

У свае дзевяноста Ніна Пятроўна Гарбачэўская са Стасеўкі на гэткія гады ніяк не выглядае: падцягнутая, статная, з выдатнай памяццю і добра пастаўленым маўленнем. Каб не ногі — юбілярка вось ужо 4 гады перамя­шчаецца ў калясцы — дык рабіла б і ўсе хатнія справы, і па двары. Але нават у сваёй сітуацыі імянінніца не сядзіць склаўшы рук, размінае, наколькі магчыма, цела, каб не зацяклі суставы, трэніруе памяць.

— Без разгадвання красвордаў не жыву ні дня, — з усмешкай заўважае жанчына. — Прывозяць іх і дзеці, і ўнукі. Прычым, выбіраю павышанай складанасці, абавязкова адкладваю ў памяці новыя словы. І вельмі люблю судоку. А яшчэ — чытаю раманы.

“У маці выключная памяць, — дадае сын Анатоль, якога з жонкай Галінай засталі ў бацькоўскай хаце, — паэму Купалы “Курган” цягам 15 хвілін расказвае без замінкі. Памятае і іншыя вершы, што вучыла ў школе”.

З часоў маладосці ў Ніны Пятроўны павышаныя патрабаванні да знешняга выгляду. Быць уважлівай да прычоскі, да адзення і абутку абавязвалі, як яна кажа, пасады.

Нарадзілася мая субяседніца ў 1934 годзе тут жа ў Стасеўцы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяўчынцы было 7 год. Але нават і гэты ўзрост дазволіў ёй утрымаць у памяці светлы вобраз бацькі, які, пайшоўшы на фронт, дамоў з крывавага пекла не вярнуўся. Акрамя Ніны, у сям’і выхоўваўся малодшы брат. І матулі адной з дзецьмі, як, уздыхаючы, згадвае субяседніца, “усяго хапіла”.
Пасля дзесяці класаў Брожскай школы (у Стасеўцы была сямігодка) дзяўчына вывучылася на бухгалтара. Працавала ў мясцовай школе справаводам, у бібліятэцы.

Выйшаўшы замуж і нарадзіўшы сына і дачку, вучобу працягнула — завочна скончыла Магілёўскі педінстытут, што дазволіла быць настаўніцай пачатковых класаў.

У 1974 годзе Ніну Пятроўну паклікалі працаваць сакратаром Вішнёўскага сельвыканкама. Гэта быў новы накірунак дзейнасці і новы вопыт, але і ім жанчына хутка авалодала: працалюбства і цікавасці да ўсяго новага ёй было не займаць. У гэтай пасадзе юбілярка адпрацавала 9 год. А калі Таццяна Васільеўна Палянская, якая на той час была за старшыню сельвыканкама, з’ехала працаваць на Міншчыну, пасаду галоўнага чалавека ў акрузе даручылі Ніне Гарбачэўскай. Узначальвала Вішнёўскі сельскі Савет дэпутатаў яна 2 гады, а затым ізноў вярнулася ў школу.

— Набліжаўся пенсійны ўзрост, трэба было дбаць пра жыццё на заслужаным адпачынку. Заробак у школе, асабліва калі працаваў не на стаўку, а на паўтары, значна пераўзыходзіў той, што атрымліваў старшыня сельсавета. Паехала ў райвыканкам, усё як ёсць распавяла Анатолю Ціханавічу Глазу — ён тады быў кіраўніком раёна. Знайшла ў яго паразуменне і вярнулася ў школу. Тым болей што якраз вызвалілася месца — маладая настаўніца пайшла ў дэкрэтны адпачынак, — расказвае сваю гісторыю імянінніца.

У школе мая субяседніца затрымалася яшчэ на сем год і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Працаваць было, як яна кажа, надзвычай камфортна: дырэкцыя ставілася з пашанай, дзеці радавалі. У абавязках педагога было і пісаць пратаколы школьных сходаў, а на гэтым, як смеючыся кажа субяседніца, яна сабаку з’ела — нездарма ж калісьці была за справавода.

Сваім жыццём на заслужаным адпачынку Ніна Пятроўна задаволена. Добрымі і спагадлівымі выраслі сын з дачкою. Дзякуючы ім і хата, і двор выглядаюць дагледжанымі. З пя­шчотай ставяцца ўнукі, якіх шасцёра, радуюць шасцёра праўнукаў.

Падвяло здароўе, але ж гераіня аповеду прывыкла ісці па жыцці з аптымізмам і бачыць ва ўсім пазітыў. “Мне ўсё падабаецца, мяне ўсё задавольвае, у тым ліку памер пенсіі. Радуюся і родным, і сацыяльнаму работніку (Святлана Кет падчас нашага наведвання таксама была ў падапечнай)”, — кажа жанчына.

У гэтым, магчыма, і ёсць прычына даўгалецця маёй субяседніцы. А яшчэ — у бязмежным клопаце тых, каму дала жыццё, для каго стала трывалым коранем, у добрым стаўленні аднасяльчан, ва ўвазе колішніх вучняў. Зрэшты, адным з тых, хто напярэдадні юбілею прыехаў павіншаваць Ніну Пятроўну і ўручыць сваёй настаўніцы кветкі, быў старшыня Вішнёўскага сельвыканкама Дзмітрый Бандарчук.
Цёплымі словамі і падарункамі павіншавалі юбілярку — актыўнага члена раённай ветэранскай арганізацыі яе старшыня Яўгенія Доўнар і лідар мясцовай ветэранскай “пяр­вічкі” Валянціна Сямёнава.

Усе яны падзякавалі ветэрану працы за неацэнны шматгадовы ўнёсак у дабрабыт раёна і краіны і пажадалі галоўнага — сустрэць у коле родных яшчэ не адзін дзень нараджэння.

Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.

Последние новости

Общество

22 апреля прямую телефонную линию проведет начальник Могилевской таможни

20 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Рыбные места, фактор Санчеса и субботник в музее. Итоги недели Президента

20 апреля 2026
Читать новость
Калейдоскоп

Гороскоп на неделю с 20 по 26 апреля для всех знаков зодиака

20 апреля 2026
Читать новость
Человек и природа

Погода 20 апреля в Могилевской области

20 апреля 2026
Читать новость
Культура

В Бобруйском районном Центре культуры прошли конкурсы военно-патриотической песни и чтецов

19 апреля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

Итог совместного распития спиртного супругами: лечение одному, лишение свободы – другому

19 апреля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем